BE RU EN

Змітру Бандарэнку — 60 гадоў!

  • 28.09.2023, 17:55

Юбілей Героя беларускага Супраціўлення.

Зміцер Бандарэнкалегендарны чалавек, змагар за свабоду, адзін з лідэраў беларускай апазіцыі. Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97", заснавальнік моладзевага руху "Зубр", былы палітычны вязень адзначае сёння 60-годдзе. Расказаць пра Змітра Бандарэнку і павіншаваць яго сайт Charter97.org папрасіў ягоных сяброў і паплечнікаў:

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь":

«Дзіму Бандарэнку 60 гадоў! Мусіць, з такой нагоды трэба казаць Дзмітрыю Яўгенавічу Бандарэнку. Думаю, можна і так, і так.

Дзіма Бандарэнка — мой даўні сябар, які шмат мне даў, не раз выбаўляў і ахвочы прыходзіць на дапамогу ў цяжкую часіну. Дзіма — абсалютны аднадумец у нашых рэалістычных марах аб новай Беларусі. Ён мой кампаньён у вечаровых праходках, падчас якіх мы абмяркоўваем сучаснасць і канструюем будучыню. Дзіма добра слухае і ўцямна выкладае, што вельмі дапамагае парадкаваць свае ўласныя думкі. Дзіма шматбаковы і сістэмны, а галоўнае – у яго ўбудаваны нейкі камертон, які дазваляе яму беспамылкова вызначаць навакольны фальш, і, хоць ён і Шалі паводле гараскопу, у пытаннях дабра і зла ён не вагаецца і нічога не ўзважвае, часам на шкоду сабе .

Дзмітрый Яўгенавіч Бандарэнка — гэта лідэр, вядомы дзеяч беларускага Адраджэння, генерал супраціву дыктатарскаму рэжыму, выдатны і адважны мысляр, бліскучы аналітык і візіянер.

Зміцер адданы Беларусі і адданы ідэалам свабоды. Мае неймаверна шырокі кругагляд, гнуткі і хуткі розум. Ён ведае вельмі шмат і пры гэтым прагны да новых ведаў.

Дзмітрый Яўгенавіч — выдатны педагог. Ён патрабавальны, і ягоную школу нялёгка прайсці, затое дае яна часам больш, чым цэлыя інстытуты.

Дзмітрый Яўгенавіч Бандарэнка стаіць нараўне з нацыянальнымі лідэрамі дэмакратычных рэвалюцый у Польшчы, Чэхаславаччыне, Сербіі, Украіны, іншых еўрапейскіх краінах.

Шэсцьдзясят гадоў — выдатны век, поўнае заканчэнне задыякальнага цыклу, за якім адкрываецца новы перыяд мар і дасягнення самых высокіх мэт, які патрабуе мудрасці, ведаў і досведу, якія ты набыў за першыя 60 гадоў жыцця.

Здароўя і Свабоды!

З Днём нараджэння, дарагі і паважаны!»

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org:

«Дзмітрый Бандарэнка — адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97» у 1997 годзе, а таксама адзін з заснавальнікаў нашага сайту ў 1998-м. Мы сябруем і працуем разам вось ужо больш за 25 гадоў, і цяжка знайсці чалавека больш самаахвярнага, які верыць у тое, што мы канечне даможамся свабоды Беларусі.

Дзіма — сапраўдны матор, крыніца невычарпальнага аптымізму, апорная канструкцыя ўсяго беларускага Супраціву на працягу дзесяцігоддзяў. Чалавек з вялікім і добрым сэрцам, які, не афішуючы, усё жыццё дапамагае вялізнай колькасці людзей. Ён прайшоў праз турмы, збіццё, катаванні, эміграцыю, але ні дня не шкадаваў аб сваім выбары і, ведаю, што мерыцца прайсці свой шлях да канца.

Мне вельмі пашанцавала мець такога сябра і аднадумца. З гонарам называю яго сваім настаўнікам і зычу, каб Зміцер разам з сям'ёй як мага хутчэй сабраў усіх сваіх сяброў дома, у свабоднай еўрапейскай Беларусі».

Аляксандра Герасіменя, чэмпіёнка свету ў плаванні, прызёрка Алімпійскіх гульняў:

«Мы вучыліся са Змітром Бандарэнкам у адной ВНУ – Універсітэце фізічнай культуры. Спорт — гэта першае, што нас лучыць, і гэта тое, што, на мой погляд, шмат у чым фармуе чалавека і сілкуе яго на барацьбу. Дзмітрый — сапраўдны змагар за свабоду Беларусі. Я вельмі рада, што мы апынуліся ў гэтай барацьбе на адной старане. Веру, што калі-небудзь мы разам пераплывём раку Буг».

Андрэй Шарэнда, актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь":

«Дзмітрый Бандарэнка — зубр беларускага нацыянальнага супраціву. Гэта легенда супраціву дыктатуры. Гэта менавіта той чалавек, якому пакаленне моладзі канца 1990-х—пачатку 2000-х абавязанае сваім натхненнем на барацьбу за свабоду. Менавіта Зміцер Бандарэнка быў адным з галоўных арганізатараў магутных акцый пратэсту “Маршы Свабоды”. Менавіта гэтыя дзеянні разбурылі надзеі дыктатара Лукашэнкі прадаць незалежнасць Беларусі за вакантнае тады месца кіраўніка Крамля. Менавіта гэтыя дзеянні паказалі, што беларусы здольныя абараніць сваю свабоду і незалежнасць.

Зміцер таксама быў адным з заснавальнікаў і каардынатараў руху супраціву “Зубр”. Руху, які згуртаваў тысячы маладых людзей у барацьбе за будучыню Беларусі. Бандарэнка — менавіта той чалавек, які ўжо больш за два дзесяцігоддзі займаецца манатоннай штодзённай працай, якая гуртуе людзей у барацьбе. Дзмітрый — надзейны і верны сябар нашай сям'і, да якога заўсёды можна звярнуцца па параду і дапамогу. Я ганаруся сяброўствам з ім і віншую з угодкамі. Зычу свабоды, смеласці ды здзяйснення жаданняў. Жыве Беларусь!»

Вячаслаў Сіўчык, лідэр руху "Разам":

«Вельмі ўдзячны сайту «Хартыя-97» за магчымасць публічна павіншаваць Змітра Бандарэнку з угодкамі. Я знаю яго амаль 30 год. Яшчэ да з'яўлення «Хартыі-97», якая, як мне падаецца, не была б створаная, калі б Зміцер Бандарэнка не пайшоў у апазіцыю рэжыму. А "Хартыя" стала першай беларускай ініцыятывай, якая была зразумелая дэмакратычнаму Захаду і падкрэслівала еўрапейскасць Беларусі. Таму ўжо ў 2010 годзе палітык Бандарэнка быў незаконна кінуты за краты і стаў палітычным вязнем.

У Беларусі шмат палітычных вязняў. На жаль, вельмі шмат. І яны становяцца іншымі, калі выходзяць з турмы. Моц Змітра Бандарэнкі ў тым, што ён не здаўся рэжыму ні падчас зняволення, ні пасля вызвалення. І ён прынцыповы змагар з рэжымам Лукашэнкі. Асабліва гэта выяўляецца ў непрыманні Змітром хаўруснікаў Лукашэнкі, якія перафарбаваліся ў 2020 годзе, а таксама здраднікаў і запраданцаў. Таму зычу Змітру і надалей заставацца моцным і прынцыповым. І ўсяго найлепшага ў асабістым жыцці. Няхай ён будзе шчаслівы. І каб наступны дзень нараджэння яму пашчасціла адсвяткаваць у родным Менску, сталіцы Свабоднай, Еўрапейскай і Квітучай Беларусі. Sto lat, Зміцер! І не менш, больш — можна».

Апошнія навіны