ГУР МА Украіны: Мы давядзем справу з Керчанскім мостам да канца
- 27.09.2023, 21:25
Гэта непатрэбнае і часовае збудаванне.
Сілы абароны Украіны маюць намер разбурыць Крымскі мост. Пра гэта ў апублікаваным 26 верасня каментары выданню «Захіснік» заявіў прадстаўнік Галоўнай управы разведкі Мінабароны Украіны Андрэй Чарняк.
«Так званы Керчанскі мост – непатрэбнае і часовае збудаванне. Рух па гэтым мосце абцяжараны, яго да гэтага часу рамантуюць пасля ўдараў і ўвесь час перакрываюць, у тым ліку падчас пагрозаў з паветра, а паветраныя трывогі ў акупаваным Крыме ў апошні час вельмі распаўсюджаная з'ява», – сказаў Чарняк.
Ён адзначыў, што атакі па мосце расейскіх акупантаў прадоўжацца.
«Гаварыць пра поўнае вывядзенне са строю можна будзе тады, калі гэты мост будзе разбураны або ў выніку дрэннай геалогіі дна або з нейкіх іншых прычынаў, але гэта адбудзецца. У гэтым сэнсе даволі вычарпальна выказаўся кіраўнік ГУР МА Украіны Кірыл Буданаў – мы давядзем справу з Керчанскім мостам да канца», – падкрэсліў Чарняк.