На продаж выставілі рэстаран пад Менскам, у якім бываў Фідэль Кастра
- 27.09.2023, 21:23
Гандаль пройдзе 27 кастрычніка.
Рэстаран «Партызанскі бор» бачылі ўсе, хто ездзіў у Хатынь ці ў Віцебск. Ён знаходзіцца недалёка ад павароту на комплекс з трасы М3. У 1972 годзе ў гэтым рэстаране разам з Пятром Машэравым бываў Фідэль Кастра. А цяпер яго выставілі на гандаль, піша Realt.by са спасылкай на Менскі абласны цэнтр інвестыцый і прыватызацыі.
Комплекс уяўляе з сябе прыклад манументальнай савецкай архітэктуры пачатку 1970-х. Ён знаходзіцца на 53-м кіламетры трасы М3 – за вёскай Слагавішча. Вось яго размяшчэнне на мапе:
Як пісаў часопіс «Беларуская думка», падчас візіту ў БССР у 1972 годзе ў гэтым рэстаране разам з Пятром Машэравым бываў былы кубінскі лідар Фідэль Кастра. Гэта было пасля наведвання імі Хатыні і Кургана Славы.
Цяпер комплекс належыць Лагойскаму райспажыўтаварыству. У яго склад уваходзяць: рэстаран на 773 «квадраты», гатэльны домік на 156 «квадратаў», лазня і камунікацыі.
Усё гэта выставілі на аўкцыён з пачатковым коштам 2,9 млн рублёў (блізу 890 тысячаў даляраў).
Гандаль пройдзе 27 кастрычніка.