BE RU EN

Начальніка Чарнаморскага флоту РФ зноў паказалі на відэа, знятым задоўга да ўдару па Севастопалі

  • 27.09.2023, 14:09

Прапагандысты зноў спудлавалі.

Расейскія прапагандысцкія мэдыі апублікавалі відэа з начальнікам Чарнаморскага флоту РФ Віктарам Сакаловым — ён нібыта ўзнагароджваў футбольную каманду "Черноморец" за прызавое месца ў "чэмпіянаце Узброеных сіл Расеі", а таксама даваў інтэрвію крамлёўскім прапагандыстам.

Імаверна, такім чынам у Крамлі далі падказ рэагаваць на паведамленне ўкраінскіх ССА аб тым, што Сакалоў быў зліквідаваны падчас ракетнага ўдару па штабе Чарнаморскага флоту РФ у Севастопалі.

На кароткім відэа відаць, як чалавек у флоцкай форме, падобны да адмірала Сакалова, узнагароджвае і віншуе спартоўцаў. Але сутнасць сітуацыі ў тым, што, паводле наяўнай інфармацыі, такая акцыя адбылася яшчэ 18 верасня — гэта значыць задоўга да ўдару па штабе, адзначае «Главред».

Нагадаем, што ў цэнтры акупаванага РФ Севастопаля грымнулі магутныя выбухі ў пятніцу, 22 верасня. Удар прыпаў на штаб Чарнаморскага флоту расейскіх акупантаў. У штабе Чарнаморскага флоту ўтварылася дзірка пасля ракетнага ўдару. Як удакладняюць мясцовыя Telegram-каналы, выбухная хваля ў выніку выбуху была "шалёнай".

Як пазней паведамілі Сілы спецыяльных аперацый Украіны, сярод загінулых акупантаў быў і начальнік Чарнаморскага флоту РФ віцэ-адмірал Віктар Сакалоў.

«Пасля трапляння ў штаб ЧФ РФ загінулі 34 афіцэры, сярод іх начальнік ЧФ РФ. Яшчэ 105 акупантаў былі параненыя. Будынак штаба не падлягае аднаўленню», — сказана ў паведамленні.

Апошнія навіны