Мянчук паспрабаваў купіць красоўкі ў Instagram за «выгадную цану»
- 27.09.2023, 11:56
У выніку застаўся без 4 тысяч рублёў.
Жыхар Менска хацеў купіць праз сацыяльныя сеткі пару красовак, але стаў ахвярай махляроў. Драбніцы расказалі ў МУС.
Мужчына зайшоў на старонку інтэрнэт-крамы, дзе прадаваўся абутак за "выгадную цану". Старонка «выклікала давер, і мянчук наважыўся на куплю».
Ён пералічыў прадаўцу 230 рублёў, але неўзабаве яму паведамілі, што тавару на складзе няма, і пакупнік мусіць зарэгістраваць вяртанне грошай. У працэсе гутаркі пацярпеламу перасылалі фішынгавыя спасылкі, праз якія ён пераходзіў і ўводзіў рэквізіты сваіх банкавых картак.
Праз пэўны час пакупец атрымаў паведамленне аб тым, што з ягоных рахункаў былі спісаныя блізу 4 тысячы рублёў.
Распачатая крымінальная справа за махлярства.