BE RU EN

«Праблемы з ураджаем робяць Дажынкі-2023 святам са слязамі на вачах»

  • 23.09.2023, 18:22

Якія галіны ў Беларусі растуць, а якія працягваюць падаць.

Белстат падлічыў паказчыкі валавога ўнутранага прадукта за восем месяцаў 2023 года. Навіны абнадзейлівыя – ВУП павялічыўся ўжо на 3,1% да аналагічнага перыяду летась. Месяцам раней рост складаў 2,9%, піша праект «Нашы грошы».

Ён падобны на аднаўленчы, але занадта шмат нюансаў гавораць, што ўсё далёка не так шчасна, як павінна быць пры здаровым росце эканомікі. Каб разабрацца, разгледзім дынаміку ключавых галін.

Агульная карціна, якая фармуе рост беларускай эканомікі ў гэтым годзе, кардынальна адрозніваецца ад леташняй. З аднаго боку, мы бачым упэўненых лідараў, якія з'яўляюцца драйверамі развіцця: прамысловасць, гандаль і будаўніцтва. З іншага, з ліку аўтсайдэраў не могуць выйсці транспарт і ІТ. А сельская гаспадарка спатыкнулася аб нізкі ўраджай гэтага года і ідзе ў зону адмоўнага росту.

Сфера сельскай гаспадаркі, якая паводле вынікаў ліпеня паказвала рост на 3,3 працэнта да аналагічнага перыяду летась, у жніўні ўпала на 3,2 працэнта. Праблемы з ураджаем робяць Дажынкі-2023 святам са слязамі на вачах. Без хлеба Беларусь, безумоўна, не застанецца, толькі пячы яго будуць у тым ліку за кошт тэрмінова закупленага расейскага збожжа.

Горназдабыўная прамысловасць па выніках васьмі месяцаў захавала рост на адзнацы 4,3 працэнта. Імаверна, усё яшчэ адбіваецца паляпшэнне з пастаўкамі на экспарт угнаенняў і аднаўленне іх вытворчасці.

Аднак, той факт, што тэмпы росту невялікія, гаворыць аб абмежаваным аднаўленні і аб дасягненні межаў магчымасцей экспарту пры лагістыцы ў існых умовах.

За аднаўленчы трэнд беларускага ВУП сёлета трэба дзякаваць сферы прамысловасці. Апрацоўчая прамысловасць, фармуючы каля чвэрці эканомікі, за восем месяцаў вырасла на 9,6 працэнта да студзеня-жніўня 2022 года.

Гэта максімальная велічыня прыросту сярод ключавых галін эканомікі Беларусі ў гэтым годзе. Калі ў жніўні летась гэтая сфера адчувала спад на 7,9%, то сёння можна казаць аб тым, што яна змагла не толькі выйсці з ямы мінулага года, але і крыху прырасці.

Аднак, па меры зніжэння эфекту нізкай базы (а жнівень мінулага года быў самым нізкім пунктам падзення гэтай сферы ў 2022 годзе), паказчыкі сёлета бліжэй да снежня будуць усё менш вясёлкавымі.

Будаўнічую сферу можна з упэўненасцю назваць галоўным бенефіцыярам той мадэлі аднаўленчага росту, якую абраў урад. Цяпер рост за восем месяцаў гэтага года тут склаў 8,7 працэнта. Такіх тэмпаў будоўля не бачыла даўно. Аднак, за паказчыкамі хаваецца два важныя моманты, якія збіваюць пафас.

Па-першае, летась за восем месяцаў сфера будаўніцтва дэманстравала падзенне на 12,6% да студзеня-жніўня 2021 года. Такім чынам, рост бягучага года не кампенсуе гэты правал.

Па-другое, крыніцы росту будаўніцтва ў гэтым годзе – дзяржаўныя інвестыцыі і крэдытныя рэсурсы.

З улікам таго, што і ў лепшы час у будаўніцтве эфектыўных інвестпраектаў было вельмі мала, а дзяржінвестыцыі больш былі падобныя на падтрымку па мадэлі беларускай сельскай гаспадаркі, аб імпульсе, які магла б даць будоўля для падтрымкі эканомкі, пакуль казаць не выпадае. І відавочна – не прыйдзецца.

Сфера гандлю паводле вынікаў жніўня паказала рост у 8,6 працэнта да вынікаў васьмі месяцаў мінулага года. Месяцам раней рост быў у 6,6%. Пазітыўная дынаміка гандлю зараз забяспечваецца высокім заробкам, нізкай інфляцый і ростам попыту ў Расеі. Аднак, калі звярнуць увагу на глыбіню спаду мінулага года ў аналагічны перыяд (-10,9 працэнта), то становіцца відавочным, што аб паўнацэнным аднаўленні сферы размова не ідзе.

Транспартная сфера за студзень-жнівень 2023 года засталася ў зоне спаду ў памеры 2,8 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Калі ўлічыць, што ў жніўні летась спад да 2021 года быў у памеры 9,7%, то выходзіць, што дна крызісу транспартная сфера яшчэ не дасягнула.

На фоне чарговых навін аб закрыцці памежных пераходаў, на гэты раз з Латвіяй, пазітыўных сігналаў для росту ў сферы транспарту пакуль не назіраецца.

Сфера ІТ, яшчэ нядаўна гонар і флагман інавацыйнага развіцця беларускай эканомікі, па выніках студзеня-жніўня 2023 года ўпала на 15,8 працэнта.

З улікам загасальнага росту ў аналагічны перыяд летась можна сказаць, што сфера вельмі хутка развітваецца з назапашанымі за апошнія гады дасягненнямі, і ўсё бліжэй да таго стану, з якога беларускі ІТ-цуд пачынаў сваю гісторыю поспеху.

Сферы электраэнэргетыкі, водазабеспячэння дэманструюць рознанакіраваную дынаміку, што нечакана на фоне росту ў будоўлі і прамысловасці. Да таго ж, дынаміка асобна ў сферы энэргетыкі не паказвае станоўчага эфекту БелАЭС. Хоць ідут размовы аб будаўніцтве другой станцыі.

Апошнія навіны