BE RU EN

Цана журавін у Беларусі падскочыла ўдвая

  • 23.09.2023, 17:30

Колькі зарабляюць збіральнікі за дзень?

З пачатку нарыхтоўкі цана журавін паднялася больш чым у два разы і 22 верасня дасягнула 5,5 рублёў, паведамляе ganc-chas.by.

Нарыхтоўчы сэзон стартаваў у Берасцейскай вобласці з 10 верасня. Першыя ягады нарыхтоўшчыкі прапаноўвалі прымаць па 2,5 рубля. Але ахвочых здаць журавіны за такую цану было мала. А ў пэўных нарыхтоўчых пунктах не было зусім.

Праз тыдзень цана падрасла на рубель. Але нават за 3,5 рубля нарыхтоўка стаяла на месцы. Па некалькі кілаграмаў ягад штодзень прыносілі толькі тыя, хто прагнуў закупіць правізію ў краме.

Нарыхтоўшчыкі казалі, што спрактыкаваныя ягаднікі захоўвалі мяхі сабраных журавін дома да лепшай цаны. Бо, адрозна ад чарніц, журавіны могуць захоўвацца доўга, не трацячы таварны выгляд.

Свае запасы ягаднікі маглі скідваць захаджалым гандлярам, якія прапаноўвалі выгадную цану — 6 рублёў. Для гэтага знаходлівыя нарыхтоўшчыкі закідвалі ў ягадныя суполкі аб'явы аб куплі ягад дамоўнай цаной.

Цана журавіны пачала расці

І пачынаючы з панядзелка 18 верасня нарыхтоўшчыкі Ганцавіцкага і Пінскага раёнаў масава ўключыліся ў працэс і пачалі паднімаць цану, як на аўкцыёне. Раніцай цана ўзнялася да 4,5 руб.

У аўторак 19 верасня ўжо ўсё прымалі журавіны за 5 рублёў, што ў два разы вышэй за стартавую цану. У суполках з'явілася шмат прапаноў забраць ягады гуртам за "дамоўную" або "добрую" цану — толькі затэлефануйце.

Раніцай у пятніцу 22 верасня ўжо ўсе прымалі ягады за 5,5 рубля за кілаграм. Са слоў збіральнікаў, гэта вельмі прыемная цана, якая дазваляе падзарабіць на журавінах.

Колькі можна зарабіць за дзень

Як расказаў нарыхтоўшчык Уладзімір, які закупляе журавіны ў вёсках Ганцавіцкага і Пінскага раёнаў, паасобныя збіральнікі здаюць і па 25 кг за дзень. У выніку даход за такі аб'ём складае 137,5 рубля. Калі штодня збіраць ягады сям'ёй, то за сэзон можна лёгка ўтаргаваць тысячу даляраў.

Але толькі праца гэтая не ўсім прыдатная. Ягаднікі кажуць, што журавін сёлета менш, і каб набраць мех, трэба далёка ісці. Сабраць ягады — гэта толькі палова справы. Вынесці паклажу па балоце могуць толькі цягавітыя. І трэба правільна разлічваць свае сілы.

У той жа час ёсць сталыя кліенты, якія не гоняцца за аб'ёмамі, а штодзень метадычна носяць па пяць кілаграмаў з першага дня нарыхтоўкі. Заробленыя грошы яны адразу ж выдаткоўваюць у краме.

"На такіх людзях зямля трымаецца", — жартуе нарыхтоўшчык.

Пры стартавай цане яны нп дзень мелі па 12,5 рубля, а цяпер — па 27,5 рубля. Са слоў нарыхтоўшчыка, калі раней такія ягаднікі куплялі адну бутэльку з цыгарэтамі, то цяпер стае на дзве. На прадукты харчавання ўсё адно бракуе.

Што будзе з цаной

Дасведчаныя нарыхтоўшчыкі прагназуюць, што цана узнімецца вышэй за 6 рублёў за кілаграм.

«Пазалетась і летась нават па 6,5 рубля прымалі. Будуць даваць большую цану і цяпер, каб закупіць больш», – сцвярджае Уладзімір.

З ягоных слоў, дынаміка цаны такая ж, як і ў мінулыя гады.

І ўраздроб журавіны прадаюць значна даражэй. Напрыклад, на Камароўскім базары ў Менску журавіны прадаюць за 9,9 рублёў за кг. А ў ганцавіцкіх ягадных суполках ёсць прапанова купіць чыстыя журавіны за 8 рублёў.

Апошнія навіны