BE RU EN

Прэм'ер Арменіі раскрытыкаваў расейскіх «міратворцаў» у Карабаху

  • 21.09.2023, 19:03

Нікол Пашынян агучыў пытанні, якія ў яго назапасіліся да РФ.

Арменія нясе сваю долю адказнасці за вынікі канфлікту ў Нагорным Карабаху, аднак не трэба заплюшчваць вочы на няўдачы расейскіх міратворчых войскаў, размешчаных у рэгіёне. Такое меркаванне агучыў 21 верасня прэм'ер-міністр краіны Нікол Пашынян, піша Armenpress.

Прэм'ер-міністр Арменіі заўважыў, што ў расейскай прэсе шмат размоў аб тым, што яго краіна ў сваіх няўдачах спрабуе абвінаваціць Расею.

- Мы не перакладаем ніякай адказнасці за нашы няўдачы. Ёсць дакладная трохбаковая заява ад 9 лістапада 2020 года, дзе Лачынскі калідор павінен быў знаходзіцца пад поўным кантролем расейскіх міратворчых сіл, расейскія міратворчыя сілы павінны былі кантраляваць бяспеку цывільнага насельніцтва. І мы яшчэ 1,5 гады таму паслядоўна пачалі ўзнімаць пытанне аб тым, што працэсы ідуць не тым шляхам. Мы нясем сваю долю адказнасці, аднак, з іншага боку, я не думаю, што мы ўсе павінны заплюшчваць вочы на няўдачы, якія дапусцілі расейскія міратворчыя сілы ў Нагорным Карабаху, - сказаў прэм'ер-міністр.

Пашынян нагадаў, што летась прадстаўнікі расейскіх міратворчых сіл пераканалі жыхара Мартакерта, адвезлі яго ў поле, гарантавалі яго бяспеку, сказалі яму, што ён можа араць сваё поле на трактары, аднак азербайджанскі снайпер забіў трактарыста ў той час, калі побач з ім сядзеў міратворац. Са слоў прэм'ер-міністра, многія пытанні расейскі бок проста не хацеў узнімаць.

- Чаму адбылася гэтая апошняя ўспышка? Калі міратворцы маглі дамовіцца аб спыненні агню, чаму яны не маглі да нападу дамовіцца аб тым, каб нападу на Нагорны Карабах не было? Нарэшце, усе білі трывогу на гэты конт, мы ж казалі, што Нагорны Карабах акружаны азербайджанскай вайсковай тэхнікай. Чаму тады не была ажыццёўленая гэтая пасрэдніцкая дзейнасць? Гэта пытанні, на якія неабходна адказаць, - сказаў Пашынян.

Нагадаем, 19 верасня войска Азербайджана пачало абстрэльваць населеную армянамі частку Нагорнага Карабаха, называючы гэта «антытэрарыстычнымі мерапрыемствамі». Баі ішлі дзень, загінула да 200 чалавек. Ужо да поўдня 20 верасня бакі дамовіліся аб спыненні агню. Арменія і яе прэм'ер Нікол Пашынян так і не ўмяшаліся ў сітуацыю, у баку засталіся і расейскія міратворчыя сілы. Цяпер непрызнаная рэспубліка Арцах фактычна капітулявала перад Баку, а яе ўрад павінен самараспусціцца.

Апошнія навіны