Расейская дэлегацыя на чале з Лаўровым прывезла з саміту ў Індыі халеру
- 21.09.2023, 18:21
Дыпламаты вярнуліся з мерапрыемства 11 верасня.
Член дэлегацыі Міністэрства замежных спраў Расеі заразіўся халерай падчас саміту G20 ("Вялікай дваццаткі") у Індыі, піша Baza. Дыпламаты на чале з міністрам Сяргеем Лаўровым вярнуліся з мерапрыемства 11 верасня на самалётах Іл-96.
Па прыездзе пасажыры здалі аналізы, і ў аднаго з іх выявілі халеру. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала, мужчыну паклалі ў інфекцыйную лякарню, ён пачуваецца добра.
Крыніца сцвярджае, што заражаны дыпламат знаходзіўся на адным борце з журналістамі пула МЗС, а Лаўроў і афіцыйны прадстаўніца ведамства Марыя Захарава ляцелі на іншым самалёце. Аднак не выключана, што яны кантактавалі з хворым падчас саміту G-20.
Цяпер Лаўроў знаходзіцца ў Нью-Ёрку на Генасамблеі ААН. Чакаецца, што там міністр правядзе блізу 20 двухбаковых сустрэч, у тым ліку з генеральным сакратаром ААН Антоніё Гутэрышам.
У сувязі з інцыдэнтам журналістаў пула адправілі на каранцін. Прычым 17 верасня частку з іх прымусова шпіталізавалі, сцвярджае суразмоўца. Так, журналістаў, якія не мелі сімптомаў халеры, змясцілі ў інфекцыйную лякарню, нягледзячы на адмоўныя аналізы. Там іх трымаюць на "строгім" рэжыме, не пускаючы на шпацыры і забараняючы спатканні з роднымі.
Халера - вострая дыярэйная інфекцыя. Яе ўзбуджальнік можа патрапіць у арганізм з заражанымі ежай ці вадой. Бактэрыі паражаюць слізістую абалонку кішэчніка, парушаючы працу стрававальнага тракта. Пры адсутнасці лячэння хвароба можа прывесці да абязводжвання, з'яўлення сутаргавага сіндрому і смерці цягам некалькіх гадзін.