«Далі 400 «кавалкаў» кожнаму за перамогу»
- 21.09.2023, 18:18
Аднаклубнік беларускага хакеіста распавёў, што атрымала нацыянальная каманда РФ за перамогу на ЧС у Менску.
Расейскі хакеіст «Калгары» з НХЛ Мікіта Задораў у інтэрв'ю Юрыю Дудзю распавёў, як прэміравалі нацыянальную каманду Расеі пасля перамогі на чэмпіянаце свету 2014 года ў Менску, паведамляе «Зеркало».
— Пасля Алімпіяды ў Сочы, калі хлопцы саступілі фінам (Расея саступіла ў чвэрцьфінале. — Заўв. рэд.), яны паехалі ў Менск на чэмпіянат свету — там трэба было рэабілітавацца для Пуціна. Яны перамаглі на ЧС. Саша Авечкін папрасіў «Мерседэсы», ім далі «Мерседэсы» і яшчэ па 400 тысяч даляраў. Кожнаму далі па картцы і сказалі: «У цябе ёсць два дні, каб зняць грошы гатоўкай». Усе паехалі ў банк, нейкі левы крамлёўскі. Далі 400 «кавалкаў» кожнаму за перамогу на чэмпіянаце свету, на які канадцы прывезлі 18-ю каманду, - заявіў Задораў, які асудзіў вайну ва Украіне.
Адзначым, што аднаклубнікам Мікіты летам гэтага года ў выніку абмену стаў беларус Ягор Шаранговіч, які раней выступаў за «Нью-Джэрсі».