Самалёты расейскіх авіякампаній сталі ўдвая часцей выходзіць з ладу ў палёце
- 21.09.2023, 16:41
Часцей за ўсё непаладкі адбываюцца ў рухавіках.
Са студзеня да жніўня 2023 г. у Расеі было зафіксавана больш за 120 авіяздарэнняў з удзелам цывільных самалётаў, якія выкарыстоўваюць расейскія авіякампаніі, паказала даследаванне «Новой газеты. Европа». Гэта ў 2,2 разы часцей за сярэдні ўзровень, які назіраўся з 2018 да 2022 года: тады агулам фіксавалася 55 інцыдэнтаў.
Часцей за ўсё непаладкі адбываюцца ў рухавіках (30% выпадкаў) і шасі (25% выпадкаў) самалётаў. Таксама часта сустракаюцца праблемы з тармазамі, закрылкамі, сістэмай кандыцыянавання і лабавой шыбай (па 3-6% выпадкаў на кожную з пералічаных праблем).
Адкрытыя крыніцы не даюць поўную сітуацыю авіяздарэнняў з удзелам расейскіх самалётаў. Напрыклад, унутраны дакумент авіякампаніі «Расія» сведчыць аб 184 авіяінцыдэнтах у кампаніі ў перыяд з 2020 да 2022 года, аднак у адкрытых крыніцах можна знайсці згадкі толькі аб 13 выпадках з самалётамі гэтай авіякампаніі за той жа перыяд.
Больш за 80% смерцяў у авіякатастрофах з самалётамі расейскіх авіякампаній прыпадала на самалёты, якія зарэгістраваныя і абслугоўваліся ў Расеі. Рызыка загінуць у авіякатастрофе на такіх самалётах выявілася ў 20 разоў вышэйшай, чым на самалётах «лізінгавага сектара».
З замежных самалётаў, якія былі ў расейскіх авіякампаній на красавік 2022 года, 817 сама меней 72 (9%) ужо перажылі мінімум адну паломку, якую ўстаранілі несертыфікаваныя сэрвісы з выкарыстаннем дэталяў невядомага паходжання. Адной з крыніц дэталяў магла стаць «канібалізацыя» самалётаў. Да студзеня 2023 года на запчасткі выявілася разабрана 25-30% парку.
Авіяздарэнні пачасціліся на фоне памяншэння авіятрафіку пасля пачатку вайны ва Украіне. Закрытая статыстыка Расавіяцыі, на якую спасылаліся «Ведомости», паведамляла, што пасажырапаток авіякампаній у 2022 годзе склаў 86% ад узроўню 2021 года і 75% ад перадпандэмійнага 2019 года.