Палітолаг: Пуцін выкіне Лукашэнку за борт
- 21.09.2023, 15:48
Гісторыя з Нагорным Карабахам павінна прымусіць беларускага дыктатара задумацца.
Расейскія «міратворцы», якія знаходзіліся на тэрыторыі Нагорнага Карабаха, ніяк не ўмяшаліся ў вайсковыя дзеянні паміж Азербайджанам і армянскімі сіламі.
Ці магла быць змова паміж Пуціным і Аліевым? З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да беларускага палітолага Дзмітрыя Балкунца:
- Калі браць у гэтым ключы, то, мяркую, можа існаваць пэўная дамоўленасць паміж Баку і Масквой у пытанні Нагорнага Карабаха. Дапускаю, што гэта маглі быць спланаваныя дзеянні, улічваючы пазіцыю Пашыняна ў апошніх пытаннях, якую ён публічна дэманстраваў, уключаючы ратыфікацыю Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда. Варта згадаць і шэраг іншых дзеянняў, якія маглі выклікаць негатыўную рэакцыю ў Маскве.
Дзеянні Азербайджана могуць быць накіраваныя на тое, каб «падкалупнуць» Пашыняна і прывесці да яго сыходу, а далей зрабіць нейкія трансфармацыі.
Відавочна, што Баку і Турцыя маюць асаблівыя стасункі. У іх даўні дыялог. Пазіцыя ж Масквы ў гэтым пытанні вельмі залежыць ад Турцыі, таму дапускаю, што была ўгода. Тым больш, што гістарычна ў Арменіі і Турцыі стасункі не вельмі добрыя.
- Ці можа Пуцін падобным чынам здаць Лукашэнку?
- Палітыка - справа вельмі гнуткая. Мы часта назіралі, калі і заходнія краіны здавалі сваіх найбліжэйшых супольнікаў, з якімі раней цалаваліся.
Зусім нядаўна (у жніўні) мы назіралі гісторыю з Пуціным, калі ўпаў самалёт, які ляцеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург. На борце загінулі яшчэ ўчарашнія паплечнікі кіраўніка РФ.
Таму Лукашэнка - гэта чалавек, які ў нейкі момант будзе выкінуты за борт як адпрацаваны, ужо непатрэбны матэрыял. Пытанне ў тым, як і калі гэта адбудзецца.
Днямі вельмі цікавы момант быў у Вашынгтоне, дзе Джо Байдэн сустрэўся з кіраўнікамі пяці дзяржаў Цэнтральнай Азіі. Пры гэтым відавочна, што ў Туркменістане вельмі яскрава вмдна гісторыя з адсутнасцю якіх-небудзь рэальных выбараў. ЗША ж у асобе Байдэна прызнае новага кіраўніка Туркменістана ў якасці прэзідэнта.
Атрымліваецца, што нацыянальныя інтарэсы пераважваюць пытанні правоў чалавека. Усе каштоўнасці, якія часта дэкларуюцца з розных бакоў, гэта ўсё бутафорыя і такая дыпламатычная заклапочанасць.
Калі Пуцін палічыць неабходным пазбавіцца Лукашэнкі, то зробіць гэта. Калі сёння Лукашэнка для яго ў нейкім выглядзе яшчэ выгадны, то ён будзе яго ратаваць і падтрымліваць, але ў нейкі момант ад яго могуць пазбавіцца.