Лукашэнка двойчы схлусіў, расказваючы пра загаранне аўтобусаў МАЗ
- 21.09.2023, 14:34
Беларуская тэхніка ў РФ гарыць рэгулярна.
У аўторак 19 верасня, прымаючы губернатара Краснадарскага краю Расеі Веніяміна Кандрацьева, Аляксандр Лукашэнка наважыў яшчэ раз выказацца аб скандальнай гісторыі з беларускімі аўтобусамі МАЗ у Санкт-Пецярбургу.
Увесну мінулага гады тамака закупілі вялікую партыю аўтобусаў на газаматорным паліве (МАЗ 203947), аб чым даволі хутка пашкадавалі. У ліпені гэтага года ўлады Пецярбурга канстатавалі, што за год загарэлася 12 адзінак беларускай тэхнікі.
Ужо не сакрэт, што адбылося гэта праз наступствы санкцый: на МАЗе перайшлі на новыя кітайскія дэталі, якія выявіліся не такімі якаснымі, як заходнія.
Аднак Аляксандр Лукашэнка замест таго, каб прызнаць непрыемную праўду, заняўся стварэннем альтэрнатыўнай рэчаіснасці. UDF тлумачыць, у чым ён схлусіў, выказваючыся пра загаранне аўтобусаў МАЗ.
«У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расеі не гараць»
Верхавод заявіў аб скандальнай гісторыі з аўтобусамі МАЗ у Санкт-Пецярбургу:
«Пачалі разбірацца, задаю пытанне: а ў іншых рэгіёнах Расеі? У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расеі не гараць».
Гм, не гараць?! Яшчэ як гараць. Пошук у публічных крыніцах выдае наступны вынік надзвычайных здарэнняў з беларускай аўтобуснай тэхнікай у РФ.
2019 год: згарэў МАЗ у Краснаярску.
2020 год: на працягу лістапада-снежня шуганулі тры (!) аўтобусы МАЗ у Казані. Акрамя таго, у тым годзе загарэлася беларуская тэхніка ў Нарыльску і Пензе.
2021 год: згарэў МАЗ у Растове.
2022 год: загарэўся беларускі аўтобус у Самары.
Гарыць пасажырская тэхніка МАЗ і ў самой Беларусі. Увосень мінулага года тры аўтобусы згарэлі ў віцебскім аўтапарку (мабыць, кароткае замыканне адной машыны, што прычынілася да загарання астатніх). У красавіку гэтага года аўтобус МАЗ "адвольна загарэўся" на трасе Магілёў-Менск, а месяц таму гарэў МАЗ у Слуцку.
Дадамо, што ў выказванні Лукашэнкі не толькі відавочная няпраўда, але і спроба перавесці стрэлкі: галоўная праблема на гэты момант — у навюткіх аўтобусах на газаматорным паліве.
"Нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобусаў, узяла на сябе абслугоўванне"
Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь можа пастаўляць пасажырскую тэхніку на розных тыпах рухавікоў, але беларуская старана мае адну просьба: яна мусіць якасна і на часе абслугоўвацца. Такім чынам кіраўнік дзяржавы ўскосна абвінаваціў расейскую старану: маўляў, самі вінаватыя.
На гэтым Лукашэнка не спыніўся і заявіў:
«А чаму ў Пецярбургу гараць? Бо нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобусаў, узяла на сябе абслугоўванне. Што такое абслугоўванне, вы ведаеце: гэта трэба не толькі на часе гайку закруціць, агляд перад выездам мае быць увесь час. А ўсяго гэтага не было”.
Незразумела, якую прыватную кампанію меў на ўвазе Лукашэнка, але ўвогуле аўтобусы МАЗ эксплуатуюцца ў Санкт-Пецярбургу найперш дзяржаўным унітарным прадпрыемствам “Пасажыраўтатранс”, чыя гісторыя налічвае амаль 100 гадоў. То бок, гэта відавочна не прыватнікі, і не людзі, якія «ніколі не бачылі аўтобусаў».
Адзначым, што 2 жніўня бягучага года менавіта "Пасажыраўтатранс" пасля шэрагу ўзгаранняў часова спыніў эксплуатацыю 137 экзэмпляраў МАЗ новай мадэлі. 16 жніўня прадпрыемства заявіла, што беларускія аўтобусы вярнуліся на вуліцы Санкт-Пецярбурга пасля наступных дзеянняў: спецыялісты МАЗ "ажыццявілі дапрацоўку дзейных сістэм і механізмаў аўтобусаў з мэтай выключэння выпадкаў патэнцыйных узгаранняў".
Аднак рэпутацыя МАЗу, у дзейнасць якога актыўна ўмешваецца Лукашэнка, ужо сапсаваная. Сёлета "Пасажыраўтатранс" абвясціў конкурсы на закупку аўтобусаў амаль на 7 млрд. расейскіх рублёў.
І як піша "Коммерсант", экспэрты называюць расейскага пастаўшчыка аўтобусаў Volgabus найбольш імаверным прэтэндэнтам на перамогу ў дзяржаўных кантрактах. Пры гэтым Лукашэнка сур'ёзна плануе пабудаваць новы завод для выпуску аўтобусаў МАЗ…