Алімпійскі чэмпіён з РФ прыйшоў у шал праз падтрымку Украіны легендай спорту
- 21.09.2023, 14:23
Расейскі хакеіст зладзіў гістэрыку пасля праўды аб вайне.
Алімпійскі чэмпіён Аляксандр Кажэўнікаў чарговы раз абразліва выказаўся на адрас легендарнага чэшскага хакеіста Дамініка Гашка. Расеец абурыўся тым, што двухразовы ўладальнік Кубка Стэнлі падтрымлівае Украіну і абвінавачвае РФ у забойствах цывільных жыхароў.
Пра гэта Кажэўнікаў заявіў у каментары выданню «Спорт-Экспрэс». Былы хакеіст, які браў «золата» Гульняў у Сараеве-84 і Калгары-88, прызнаўся, што хацеў бы асабіста пагутарыць з Гашкам і даведацца, чаму ён не падтрымлівае злачынную вайну Расеі супраць Украіны.
«Псяюха! Гад печаны! Я ж памятаю, як на турніры ў Швайцарыі ён бегаў за нашымі гульцамі. Хацеў пагутарыць, пасядзець з намі за адным сталом. Затым у «Бафала» і «Дэтройце» гуляў з расейцамі — ні спрэчак, ні канфліктаў. Да канца кар'еры падпісаў кантракт са "Спартаком". Захапляўся Масквой, расейскім менталітэтам. Здавалася — нармальны хлопец. І раптам у Гашка клямка запала. Ці то выйшаў на трэнінг без шалома, і шайба патрапіла ў лоб, ці то ў іншым месцы па галаве настукалі. Але на шостым дзясятку чалавека відавочна страсянула. Такую лухту вярзе! — сказаў Кажэўнікаў.
Раней Гашэк выступіў з заклікам да Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) выплаціць Украіне частку сваіх даходаў праз удзел у турніры расейскіх спартоўцаў. Акрамя таго, чэх шчыра падзякаваў украінцам за тое, што "яны абараняюць не толькі сваю краіну, але і свабоду свету". Ён таксама прызнаўся, што яго натхняюць ваяры УСУ, якія ўпэўненыя ў сваёй перамозе над расейскімі агрэсарамі.
Нагадаем, Дамінік Гашэк назваў расейскага алімпійскага чэмпіёна Вячаслава Фяцісава адказным за загубу 100 тысяч украінцаў.