Набоі не выбухаюць: расейцы бунтуюць праз «гістэрычныя контратакі» пад Бахмутам
- 21.09.2023, 11:42
Акупанты не здатныя выканаць задумы камандавання пад Андрэеўкай і Кляшчэеўкай.
Сілы абароны Украіны працягваюць наступальныя аперацыі пад Бахмутам, а расейскія акупанты ў гэтым абшары ўсё больш скардзяцца на нястачу рэсурсаў і "гістэрычныя" спробы свайго камандавання вярнуць страчаныя пазіцыі ля Андрэеўкі і Кляшчэеўкі. Пра гэта ідзе размова ў новай аналітычнай даведцы ад Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Паводле аналітыкаў, 20 верасня ўкраінскія войскі працягнулі наступальныя дзеянні ля Бахмута і на захадзе Запарожскай вобласці. У Генеральным штабе УСУ пацвердзілі, што на Мелітопальскім кірунку (захад Запарожскай вобласці) УСУ таксама наступалі і прычылі значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы РФ. Таксама Генеральны штаб УСУ паведаміў аб наступальных аперацыях на Бахмуцкім кірунку — акурат там, дзе ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся і замацоўваюцца на новых межах.
Паводле ацэнкі аналітыкаў Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, украінскія сілы замацавалі свае пазіцыі ў Кляшчэеўцы (7 кіламэтраў на паўднёвы захад ад Бахмута) і Андрэеўцы (10 кіламэтраў на паўднёвы захад ад Бахмута), а перакідванне расейскіх падраздзяленняў дэсантнікаў з Бахмута на запарожскі кірунак аслабіла расейскую абарону на гэтай дзялянцы.
Расейскія вайскоўцы і «ваенныя карэспандэнты» скардзяцца, што вайсковае камандаванне РФ загадвае акупантам ажыццяўляць «непрадуманыя і незабяспечаныя» контратакі на паўднёвым флангу Бахмута — для таго, каб пільна аднавіць страчаныя пазіцыі.