Расея ўдарыла ракетай па інтэрнаце ў Херсоне, калі людзі яшчэ спалі
- 21.09.2023, 10:48
Ёсць загінулыя і параненыя.
Уначы 21 верасня расейскія тэрарысты абстралялі жылыя кварталы Херсона. У выніку злачынных дзеянняў расейцаў сярод цывільных жыхароў ёсць загінулыя і параненыя.
На 8:30 вядома аб трох загінулых — жанчыне і двух мужчынах. Пра гэта ў Telegram паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін і прэсавая служба Херсонскай абласной пракуратуры.
У АВА заявілі, што расейскія акупанты накрылі агнём жылыя кварталы Херсона пад 3:40 ночы. Варожыя набоі патрапілі ў будынак інтэрната, калі людзі яшчэ спалі. У выніку тэракту загінулі тры чалавекі.
Таксама сярод цывільных жыхароў ёсць параненыя. З месца абстрэлу 61-гадовую жанчыну шпіталізавалі ў цяжкім стане. У лякарню даставілі дзвюх жанчын 44 і 57 гадоў, а таксама 49-гадовага мужчыну. Яны маюць траўмы сярэдняй цяжкасці. Акрамя таго, 81-гадовая мясцовая жыхарка атрымала медычную дапамогу на месцы.
У абласной пракуратуры паведамілі, што акрамя інтэрната таксама пашкоджаныя жылыя дамы, аўтатранспарт і лініі электраперадач. Праваахоўнікі ўдакладнілі, што расейцы білі па цывільных жыхарах з артылерыі. Пад прыцэльны агонь тэрарыстаў трапілі жылыя дамы, а таксама нежылыя памяшканні і адна з навучальных устаноў абласнога цэнтра.
Пры працэсуальным кіраўніцтве Херсонскай абласной пракуратуры пачатае дасудовае расследаванне ў крымінальнай справе паводле факту парушэння законаў і звычаяў вайны, спалучанага з наўмысным забойствам (ч.2 арт.438 КК Украіны). Пракуроры ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнікамі робяць захады для дакументавання злачынства, учыненага прадстаўнікамі ўзброеных сіл дзяржавы-агрэсара.
Нагадаем, раніцай 21 верасня расейскія тэрарысты ўчынілі масавую паветраную атаку на Украіну. У Чаркаскай, Хмяльніцкай, Вінніцкай абласцях, а таксама ў Роўне і Кіеве падчас паветранай трывогі спрацавала СПА, а ў Харкаве і ў Львоўскай вобласці грымнулі выбухі.