Мэдыі: Украінская панцырная тэхніка ўпершыню прарвала і перайшла «лінію Суравікіна»
- 21.09.2023, 9:58
У прарыў пайшлі панцырныя машыны Stryker, БМП Marder і БТР MaxxPro.
Украінская цяжкая тэхніка ўпершыню пераадолела расейскія ўмацаванні першай «лініі Суравікіна» ля сяла Вярбовага ў Запарожскай вобласці.
Пра гэта пішуць OSINT-аналітыкі, якія робяць выснову з апублікаваных відэа расейскіх атак на ўкраінскую цяжкую тэхніку.
З відэа, якое геалакаваў твітэр-рахунак imi(m), вынікае, што цяжкая тэхніка ўпершыню пераадолела супрацьтранспартны роў і "зубы цмока" на гэтым кірунку, піша Джордж Барос.
Як адзначае вайсковы аналітык Роб Лі, абарончую лінію прайшлі панцырныя машыны Stryker, БМП Marder і БТР MaxxPro.
Барос адзначыў, што ўкраінская тэхніка на відэа, мабыць, ехала прасёлкавай дарогай, якая, відаць, была захаваная пры будаўніцтве рова і пракладанні лініі з "зубамі цмока".
Гэта, напэўна, паказвае на тое, што УСУ маглі распляжыць расейскую абарону на гэтай дзялянцы, дадае эксперт.
Прасоўванне ўкраінскай цяжкай тэхнікі ў гэтым абшары — значнае развіццё сітуацыі на фронце, адзначыў Роб Лі.
Імаверна, украінскія сілы рыхтуюцца да новага наступу, мяркуе Барос.
Украінскія войскі ўпершыню пераадолелі абарончыя збудаванні ля Вярбовага ў канцы жніўня.
На пачатку верасня УСУ здалелі павялічыць пралом у расейскай абароне.