BE RU EN

У цэнтры Чаркасаў расейская ракета ўпала на гатэль

  • 21.09.2023, 9:37

Людзей дастаюць з-пад руін.

Раніцай 21 верасня расейскія акупанты атакавалі Чаркасы. Расейская ракета была збітая, аднак пацярпеў аб'ект цывільнай інфраструктуры ў цэнтры места. Сама меней 5 чалавек пацярпелі, яшчэ адзін знаходзіцца пад руінамі.

Пра гэта ў Facebook паведаміў мэр места Анатоль Бандарэнка. Ратавальнікі ўжо прыехалі на месца здарэння.

"У выніку збівання расейскай ракеты ёсць траплянне ў аб'ект цывільнай інфраструктуры ў цэнтры места, на месцы працуюць усе службы", – напісаў ён.

Начальнік Чаркаскай АВА Ігар Табурэц удакладніў, што ў цэнтральнай частцы места ўпалі адломкі варожай ракеты, у выніку чаго і пацярпеў аб'ект сацыяльнай інфраструктуры.

«Пакуль пяцёра пацярпелых. Пад руінамі сама меней адзін чалавек. Трывае выратавальная аперацыя», — напісаў ён.

Кіраўнік МУС Ігар Кліменка паказаў відэа выратавальнай аперацыі ў Чаркасах. Яна працягваецца, супрацоўнікі ДСНС шукаюць пацярпелых, якія, імаверна, яшчэ могуць знаходзіцца пад руінамі.

Са слоў міністра, у Чаркасах у выніку ракетнага ўдару пашкоджаны будынак гатэлю, у выніку чаго ўзнік пажар, а таксама загаранне гандлёвых павільёнаў на базары.

У выніку злачынных дзеянняў расейскіх вайскоўцаў пацярпелі 7 чалавек і 10 чалавек эвакуаваныя. З-пад руін выратаваны 1 чалавек. Усе службы працуюць на месцы.

Табурэц паведаміў, што ў будынку гатэлю ў Чаркасах магло знаходзіцца да 23 чалавек. З ягоных слоў, адміністратар будынка пакуль таксама ў шпіталі, пад руінамі могуць знаходзіцца яшчэ некалькі чалавек.

Сярод пацярпелых адзін чалавек у цяжкім стане — ён атрымаў сур'ёзныя траўмы хрыбта і галавы. Іншыя пацярпелыя, на думку медыкаў, маюць лёгкія траўмы, дадаў кіраўнік АВА.

Апошнія навіны