Расея мае шмат слабых месцаў: Фукуяма абвясціў сцэнар падзення Пуціна
- 21.09.2023, 8:27
Кіраўнік РФ "падважыў" сваю ўладу.
Амэрыканскі філосаф, палітолаг, пісьменнік, прафесар Стэнфардскага ўніверсітэта Фрэнсіс Фукуяма мяркуе, што раскіданне РФ і падзенне пуцінскага рэжыму магчымыя пры аслабленні ў цэнтры краіны.
Пра гэта навуковец сказаў падчас інтэрвію выданню «ГАРДОН».
Паводле ягоных слоў, такія дзяржавы як Расея здаюцца магутнымі, але напраўду "вельмі крохкія".
«Расея мае шмат слабых месцаў, і пералом можа адбыцца, калі з'явіцца аслабленне ў цэнтры. Рэгіёны Расеі будуць рухацца ў розных кірунках і сутыкацца з сур'ёзнымі вонкавымі выклікамі», — сказаў Фукуяма.
Ён таксама закрануў тэму так званага сяброўства паміж Кітаем і РФ. Палітолаг не ўважае гэтыя краіны за сапраўдных сяброў.
"Кітайцы ўсё ж такі прэтэндуюць на частку расейскай тэрыторыі, і ўсё гэта можа адбыцца ў нейкі момант у будучым у выпадку дыскрэдытацыі цэнтра расейскіх улад", — растлумачыў Фукуяма.
У той жа час ён не раіў бы разлічваць на крах Пуціна найбліжэйшым часам, але, на думку Фукуямы, пуцінская сістэма кіравання вельмі слабая.
«Ён узарваў сваю ўладу. І таму я не чакаю, што пуцінізм выжыве. І ўжо дакладна не перажыве смерць самога Пуціна», — дадаў Фукуяма.