Экс-міністарка абароны Літвы: Каб кантраляваць мяжу, трэба змяншаць колькасць пераходаў
- 28.08.2023, 21:35
На гэты момант на беларуска-літоўскім памежжы працуюць чатыры пункты пропуску.
Літоўскія ўлады заяўляюць, што найбліжэйшым часам могуць быць закрытыя яшчэ два КПП на мяжы з Беларуссю. «Белсат» папрасіў пракаментаваць гэтую сітуацыю былую міністарку абароны Літвы, дэпутатку Еўрапарламента Расу Юкнявічэне.
Каб кантраляваць мяжу, трэба змяншаць колькасць КПП
Раса Юкнявічэне адзначыла, што цяпер трэба займацца сур'ёзным кантролем на літоўска-беларускім памежжы. Адна з прычынаў – гэта кантрабанда, якая перапраўляецца з Беларусі ў Літву і з'яўляецца крыніцай папаўнення бюджэту для Лукашэнкі. На думку дэпутаткі Еўрапарламента, Лукашэнка наўмысна заахвочвае развіццё кантрабанды, рэжым бярэ непасрэдны ўдзел у гэтым бізнэсе – у першую чаргу звязаным з нелегальнай перапраўкай тытуню і алкаголю. Бо чым больш тавару будзе перапраўлена праз мяжу, тым больш ён можа атрымаць грошай.
Таму гэта трэба спыняць, выказала сваё меркаванне Раса Юкнявічэне.
– Але як гэта зрабіць? Бо калі на мяжы працуюць шэсць прапускных пунктаў [Раса Юкнявічэне, магчыма, мела на ўвазе 6 пунктаў, якія працавалі яшчэ да нядаўняга закрыцця першых двух. – Заўвага], то кожны з іх павінны быць абсталяваны адпаведнымі сістэмамі назірання, рэнтгенаўскім апаратамі, – кажа яна.
«А такіх інвестыцый у нас пакуль што няма», – падкрэсліла Раса. Акрамя таго, яна адзначыла, што неабходны і дадатковы чалавечы рэсурс: «Таму што мы павінны ахоўваць нашу зялёную мяжу, для гэтага трэба шмат патрулёў».
У сувязі з гэтым Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, кажа Раса Юкнявічэне, ацаніла сітуацыю і прыняло пастанову аб змяншэнні колькасці памежных пунктаў. Тым больш што на мяжы з Польшчай працуе ўсяго адзін такі пункт (і гэта пры тым, што прапорцыі літоўскай і польскай дзяржаваў несувымерныя). Таму, зноў падкрэсліла яна, каб «нармальна кантраляваць» мяжу, трэба гэтую колькасць памежных пунктаў змяншаць.
Былая міністарка звярнула ўвагу, што пакуль уся сітуацыя з мігрантамі не вяртаецца ў «нармальнае рэчышча».
«Мы бачылі ў 2021 годзе, што арганізаваў Лукашэнка разам з Крамлём такую гібрыдную атаку, выкарыстоўваючы мігрантаў супраць нас, каб стварыць нейкі хаос. Гэта была самая сапраўдная правакацыя. Цяпер відавочна, што яны хацелі ў Польшчы і Літве стварыць такую сітуацыю, хаос, каб мы займаліся праблемамі іншымі, а не тым, каб дапамагаць Украіне», – падкрэсліла Раса Юкнявічэне.
Яна адзначыла, што з улікам гэтага Літва мае ўжо адпаведны досвед. Але на фоне таго, што прадаўжаецца вайна, няма разумення, на якія правакацыі пойдзе беларускі рэжым і якія плыні мігрантаў яшчэ могуць хлынуць у Літву. У сувязі з гэтым ахоўваць межы трэба асабліва пільна, а для гэтага трэба мець рэсурсы, падкрэсліла былая міністарка.
Рэжымы ў КДБ-стылі
Раса Юкнявічэне звярнула ўвагу таксама на такі аспект, што лукашысцскі і пуцінскі рэжымы працуюць у стылі КДБ. А значыць, на беларуска-літоўскім памежжы трэба не толькі кантраляваць кантрабанду, але і сачыць за тым, што робяць беларускія спецслужбы. Бо не аднойчы літоўскія службы паведамлялі, што КДБ спецыяльна апытвае людзей, якія ездзяць праз памежныя пункты.
Сярод тых беларусаў, адзначае былая міністарка, хто прыязджае ў Літву, атрымлівае віды на жыхарства, уладкоўваецца ў краіне на працу, могуць быць усякія людзі. Бо беларускія спецслужбы займаюцца вярбоўкай і знаходзяць тых, хто працаваў бы супраць Літвы. «Таму на гэта таксама нельга заплюшчваць вочы, і нашы службы павінны кантраляваць гэтыя плыні», – падкрэсліла суразмоўца.
Нагадаем, на гэты момант на беларуска-літоўскім памежжы працуюць 4 пункты пропуску з 6 (18 жніўня Літва закрыла пераходы «Шумскас» і «Твярачус»). Пасля закрыцця яшчэ двух пунктаў застануцца адчыненымі толькі два.