BE RU EN

Беларускія банкі зрабілі больш жорсткімі правілы прыёму валюты

  • 28.08.2023, 16:06

Новаўвядзенне выклікала шырокі рэзананс.

У банках касіры пачалі больш уважліва прыглядацца да купюр пры абмене валюты і часцей адмаўляць у прыёме банкнот, скардзяцца кліенты. «Белсат» высветліў, што банкі сапраўды змянілі правілы, і звязана гэта з санкцыямі.

«Людзі часта не могуць здаць даляры, бо купюры пачалі ну зусім ужо старанна правяраць у банках. Бачыў, як мужчына хацеў памяняць даляры на еўра, дык кожную купюру праглядалі і з дзясятак назад аддалі. Праз гэта чэргі паўсюль, бо дасканала праглядаюць валюту», - сцвярджаюць відавочцы.

«Белсат» праверыў гэтую інфармацыю ў кантакт-цэнтрах некалькіх банкаў.

У «Тэхнабанку» заявілі, што ў апошні час правілы прыёму валюты ў іх не мяняліся: «Каля кожнага абменнага пункта вы можаце азнаёміцца з прыкметамі платаздольнасці купюр. Гэтыя прыкметы - агульныя, і ў апошні час яны не мяняліся. Калі купюра не падыходзіць, то касір мае права адмовіцца яе прымаць».

У «Альфа-банку» таксама запэўнілі, што «ніякіх змен у правілах прыёму банкнот не было», а кожны касір самастойна вызначае, ці адпавядае купюра патрабаванням.

Пры гэтым у «БНБ-Банку» распавялі, што месяц таму Нацбанк зацвердзіў змены ў правілах прыёму валюты, і параілі азнаёміцца з дакументам на сваім сайце. Такая ж інструкцыя апублікаваная на сайце «Беларусбанка». У кантакт-цэнтры гэтай арганізацыі ўдакладнілі, што «пералік прыкмет платаздольнасці банкнот» адобрылі ў чэрвені, і цяпер усе беларускія банкі карыстаюцца гэтай метадычкай:

«Так, крыху змяніліся патрабаванні да купюр. Раней спіс прыкмет платаздольнасці кожны банк выпрацоўваў сам, а цяпер гэты пералік адзіны. Я так разумею, што гэта звязанае з тым, што мы цяпер не маем магчымасці накіраваць купюры на інкаса».

Гэты сэрвіс дазваляе з аплатай камісіі накіраваць валюту ў банк, які яе выпусціў, каб праверыць платаздольнасць і замяніць зношаную ці пашкоджаную валюту.

«Цяпер у сувязі з пэўнымі падзеямі такой магчымасці няма, паслугі таксама няма, таму такі агульны пералік і ўхвалены», - гавораць у «Беларусбанку».

Такія ж тлумачэнні далі ў «Белінвестбанку». Там слова «санкцыі» таксама не выкарыстоўвалі:

«У сувязі з абмежаваннямі, уведзенымі ў лютым мінулага года, правілы прыёму ўзмацнілі жорсткасць, бо мы не маем абмену купюр наўпрост з тымі, хто выпускае валюту. Калі маюцца нейкія пячаткі, выяўленыя ва ўльтрафіялеце, у нас у банку не мяняюць. Раней мы маглі здаць купюры на інкаса, цяпер такой магчымасці няма, таму правілы змянілі».

У арганізацыі параілі звяртацца ў іншыя банкі, каб паспрабаваць абмяняць пашкоджаныя купюры.

Апошнія навіны