Кіраўнікі МУС Польшчы і краін Балтыі расказалі, у якім выпадку поўнасцю закрыюць мяжу з Беларуссю
- 28.08.2023, 19:40
Краіны дамовіліся аб агульных крытэрах.
У выпадку крытычнага інцыдэнту ЕЗ цалкам закрые межы з Беларуссю, паведаміў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Камінскі па выніках сустрэчы з калегамі з краін Балтыі, якая прайшла сёння ў Варшаве, піша RMF24.
«Калі на мяжы з Беларуссю адбудзецца крытычны інцыдэнт, незалежна ад таго, мяжа гэта Польшчы, Літвы ці Латвіі, мы прымем неадкладныя меры ў адказ. Усе памежныя пераходы будуць закрытыя», - сказаў Камінскі.
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце ўдакладніла, што міністры дамовіліся і аб агульных крытэрах для прыняцця такой пастановы, і расказала пра іх.
«Іх два: па-першае, узброены інцыдэнт ці інцыдэнты ля мяжы адной з краін. Ён павінен быць такім, які нясе сур'ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы краін. Другі крытэр – арганізаваны масавы прарыў нелегалаў», – перадае словы Білатайце Delfi.
Паводле ейных слоў, калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, то пройдзе аператыўны абмен інфармацыяй паміж службамі, і тады будзе прынятая пастанова [аб закрыцці межаў] на ўзроўні ўрадаў.
Таксама паведамляецца, што ў супольнай заяве кіраўніка МУС запатрабавалі ад рэжыму Лукашэнкі «неадкладна вывесці ПВК «Вагнера» з тэрыторыі Беларусі і прыбраць нелегальных мігрантаў з памежнай зоны».
Раней міністарка ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце заявіла, што яе ведамства прапануе закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Гэта памежныя пункты «Лаварышкі» (з беларускага боку «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).