Расея кінула ў бой апошнія рэзервы пасля прарыву фронту ў Запарожжы
- 28.08.2023, 14:19
Там УСУ прабілі першую лінію абароны з умацаванняў і мінных палёў.
Расейскі Генштаб кідае ў бой апошнія даступныя рэзервовыя часткі, каб стрымаць націск украінскага войска ў Запарожскай вобласці, дзе УСУ прабілі першую лінію абароны з умацаванняў і мінных палёў.
Як паведамляе Forbes, 76-я гвардзейская дэсантна-штурмавая дывізія, найстарэйшае з дзейных злучэнняў ПДВ, была перадыслакаваная на запарожскі фронт з Усходу Украіны, дзе ўдзельнічала ў баях у раёне Крамянной.
76-я дывізія – "адна з найлепшых", што ёсць у расейскім войску, і даволі "свежая", паказвае Роб Лі, аналітык Foreign Policy Research Institute у Філадэльфіі. Згодна з ваеннай дактрынай Расеі, яна належыць да катэгорыі «стратэгічных рэзерваў», што паказвае на сур'ёзнасць становішча на фронце, піша Forbes.
У расейскіх генералаў не засталося выбару: УСУ занялі Ураджайнае, а следам за ім - Рабоціна, двзве вёскі ў Запарожскай вобласці па шляху да галоўнай мэты - Мелітопаля, кантроль над якім дазволіць перарэзаць “наземны мост” у Крым.
Прыкметы вычарпанага рэзерву ў расейскім войску з'явіліся яшчэ ў пачатку жніўня, пісалі экспэрты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Пра гэта, паводле ацэнкі ISW, сведчыць той факт, што генералам даводзіцца перакідваць сілы ўздоўж лініі фронту замест таго, каб падцягваць рэзервовыя часткі з тылоў. Гэта азначае, што ўкраінскі наступ прывёўда “істотнай дэградацыі” расейскай абароны і знясілення сіл на "крытычным адцінку фронту", пісалі экспэрты ISW.
Украінскае войска, зрэшты, таксама задзейнічала адны з апошніх даступных рэзерваў, піша Forbes. Каб прарваць абарону ў Запарожжы, у бой адправілі 82-ю дэсантна-штурмавую брыгаду УСУ колькасцю дзве тысячы чалавек, укамплектаваную брытанскімі танкамі Challenger, а таксама БМП Marder і Stryker.