«Пуціна знішчаць у выніку вялікага расейскага бязладдзя»
- 28.08.2023, 12:28
Эксперт расказаў, хто і калі можа ўзняць бунт у Расеі.
Імаверныя ваенныя поспехі Украіны і вызваленне акупаваных РФ тэрыторый можа стаць сур'ёзным ударам па свядомасці расейскіх вайсковых эліт, заявіў расейскі апазіцыянер, журналіст і сацыёлаг Ігар Якавенка.
«Калі, напрыклад, Крым і Данбас будуць вызваленыя, то, натуральна, у галовах у вайскоўцаў (перш за ўсё – праваахоўнікаў) дый ва ўсіх расейцаў паўстане простая думка: «А што ўвогуле Пуцін зрабіў?», — падкрэсліў ён падчас размовы на «Главреде».
На думку эксперта, у выпадку ваенных параз РФ гэтае пытанне ў Расеі стане "ва ўвесь рост".
«І цалкам магчыма, што менавіта тады вайсковая верхавіна, якая знаходзіцца ў сітуацыі сур'ёзнай пагрозы таго, што яна падзеліць лёс Прыгожына, перастане падтрымліваць Пуціна. І тады ўзнікне тое самае расейскае бязладдзе, якое заўсёды прыводзіць да змены ўлады», — мяркуе ён.
Разам з тым суразмоўца таксама спрагназаваў імавернасць узнікнення бязладдзя ў РФ.
«Так што я мяркую, што гэта цалкам рэальны вынік ужо, магчыма, і ў наступным годзе. То бок, не ахвотная перадача ўлады Пуціна, а проста знішчэнне Пуціна ў выніку вялікага расейскага бязладдзя», — дадаў Якавенка.