У Зяленскага спрагназавалі заканчэнне вайны ва Украіне
- 28.08.2023, 12:08
Вайна скончыцца «імгненна, у адзін момант».
Вайна ва Украіне скончыцца «імгненна і ў адзін момант». Пры гэтым наўрад ці давядзецца адваёўваць кожны кіламетр крывёй, бо пры пэўных умовах «падзеі будуць набываць іншы выгляд».
Такое меркаванне выказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у Twitter.
«Лёгка не будзе, але вялікая наіўнасць меркаваць, што Украіне давядзецца вяртаць тэрыторыі, адваёўваючы кожны кіламетр крывёй. Па меры прасоўвання на поўдні і выхаду ўкраінскіх сіл на адміністрацыйную мяжу з Крымам падзеі будуць набываць іншы выгляд. Урэшце ўсё скончыцца хутка і ў адзін момант - гэтак жа, як і пачалося», - запэўніў ён.
Са слоў Падаляка, рэч у тым, што ўся ўнутраная легітымнасць Пуціна будуецца на перакананні расейскіх элітаў, што ён «яшчэ не саступіў у вайне».
«У Крамлі разумеюць няўхільнае: чым больш Расея будзе страчваць акупаваных тэрыторый, тым хутчэй адбудзецца падзенне падтрымкі рэжыму», - кажа ён.
На думку Падаляка, забойства заснавальніка ПВК «Вагнера» Яўгена Прыгожына і падрыхтоўка новай мабілізацыі ў Расеі для насычэння фронту - гэта толькі «здабыванне часу».