Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы выступіў супраць ABBA і былога лукашэнкаўскага чыноўніка Бурага
- 28.08.2023, 11:41
Польскія прадпрымальнікі перасцерагаюць ад спроб дэзінтэграцыі беларускага бізнэсу ў Польшчы.
Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP) выступіў супраць Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) і яе лідара Яўгена Бурага. ZPP перасцерагае ад спроб дэзінтэграцыі беларускага бізнэсу ў Польшчы: заява арганізацыі тычыцца ініцыятывы ABBA аб верыфікацыі беларускага бізнэсу, які адкрываецца ў Еўразвязе.
«Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў ZPP надае паслядоўную падтрымку беларускім прадпрымальнікам, якія хочуць адкрыць свой бізнэс у Польшчы. Ужо ў 2020 годзе мы сталі першай арганізацыяй у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якая падтрымала працэсы пераезду беларускіх кампаній. Нам паспяхова ўдалося перавесці некалькі буйных беларускіх вытворцаў праграмнага забеспячэння ў Польшчу, і мы заўсёды трымалі польскі ўрад у курсе гэтага працэсу», - сказана ў заяве Звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.
«Акрамя таго, мы таксама дапамаглі дзясяткам невялікіх кампаній. Мы ганарымся тым фактам, што Польшча - краіна, якая вітае беларусаў, і спадзяемся, што так будзе і ў наступныя гады. Тым больш, мы не можам дазволіць сабе маўчаць, калі былы супрацоўнік Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь спрабуе падарваць, выкарыстоўваючы правакацыі і паклёп, давер да нас і да іншых арганізацый, якія падтрымліваюць беларусаў, ствараючы бізнэс-мадэль выкарыстання сакрэтнай інфармацыі і набытых ноў-хаў ва ўладных структурах рэжыму Лукашэнкі. Гэтым чалавекам з'яўляецца Яўген Буры, цяперашні кіраўнік Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), які, грэбуючы інстытутамі польскай дзяржавы, створанымі менавіта для гэтай мэты, прэтэндуе на права выдаваць сертыфікаты даверу беларускім грамадзянам і прадпрымальнікам, якія знаходзяцца ў Польшчы, называючы гэты працэс «верыфікацыяй», - адзначаюць польскія прадпрымальнікі.
«Гэтая дзейнасць заснаваная выключна на ведах і досведзе, атрыманых у выніку яго працы ў апараце рэжыму, і праводзіцца ў шчыльнымі супрацоўніцтве з былымі аператыўнікамі органаў дзяржаўнай бяспекі. Камітэт Рэспублікі Беларусь, то бок Беларускі КДБ ці Міністэрства ўнутраных спраў.
Не падазраючы пра мінулае спадара Бурага, ZPP дапамагла заснаваць ABBA ў Польшчы. Мы падрыхтавалі ўстаноўчыя дакументы, выканалі працэс рэгістрацыі і дапамаглі арганізацыі атрымаць буйны грант на яе дзейнасць. Мы хутка зразумелі, што гэта была памылка.
Як высветлілася, стварэнне арганізацыі паслужыла спадару Бураму і ягонай жонцы, віцэ-прэзідэнту ABBA Марыне Гірын, у асноўным для таго, каб стварыць уласную фінансавую базу замест таго, каб займацца сапраўдным бізнэсам.
Мы катэгарычна і безумоўна спынілі нашае супрацоўніцтва з ABBA пасля таго, як сп. Буры падаў вышэйзгаданы план «праверкі» беларускіх кампаній, якія працуюць у Польшчы. Мы, бясспрэчна, успрынялі гэта як прымету рэкету і вымагальніцтва ў савецкім стылі.
Сёння мы бачым, што ABBA застаецца мёртвай арганізацыяй, якая не мае рэальнага прадстаўніцтва сваіх сяброў. Уся яго дзейнасць накіраваная на грамадскі збор сродкаў, з дапамогай якога спадар Буры і спадарыня Гірын фінансуецца іх паўсядзённае жыццё і падарожжы па ўсім свеце.
Праз наш уласны Беларускі бізнэс-цэнтр ZPP мае намер і надалей падтрымліваць беларускіх прадпрымальнікаў у адкрыцці бізнэсу ў Польшчы.
Аднак мы не павінны дапускаць, каб давер да кампаній «правяраўся» былымі чыноўнікамі Лукашэнкі, замест дзяржаўных устаноў. Улічваючы ўсё вышэйпададзенае, мы звяртаемся да кампетэнтных органаў з просьбай расследаваць дзейнасць спадара Бурага – на нашу думку, якая нагадвае практыку мафіі – і пасля распачаць адпаведныя крокі ў ягонай справе», – гаворыцца ў заяве.
Варшава, 16.08.2023
Звяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ЗПП)
Цэзары Казмерчак - прэзідэнт управы,
Марцін Навацкі - віцэ-прэзідэнт управы,
Якуб Бінькоўскі - чалец управы.