BE RU EN

ISW: УСУ прасоўваюцца адразу на некалькіх кірунках

  • 28.08.2023, 7:33

Украінскія ваяры прарываюць лініі абароны акупантаў.

Украінскія вайскоўцы працягваюць прасоўванне на поўдні краіны падчас контрнаступальных аперацый, прарываючы расейскія лініі абароны.

Пра гэта паведамілі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.

У публікацыі паведамляецца, што войскі УСУ прасунуліся ля заходняй мяжы Данецкай і ўсходняй мяжы Запарожскай абласцей і ў заходняй частцы Запарожскай вобласці ў часе правядзення контрнаступальных аперацый на поўдні і ўсходзе краіны.

Афіцыйны прадстаўнік Таўрыйскай групоўкі войскаў УСУ Аляксандр Штупун паведаміў, што байцы наступаюць у кірунках Новапракопаўкі (13 км на поўдзень ад Арэхава), Малой Токмачкі (9 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава) і Ачэрэтуватага (25 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава) на захадзе Запарожскай вобласці.

Ён таксама расказаў, што Сілы абароны прасунуліся пад Ураджайным (9 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі) і Рабоцінам (10 км на поўдзень ад Арэхава) і дамагліся нявысветленых поспехаў каля Старамаёрскага (9 км на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі) на Бярдзянскім кірунку (заходняя частка Данецкай і ўсходняй мяжы Запарожскай вобласці), а таксама ў нявыстленым месцы на Мелітопальскім кірунку (захад Запарожскай вобласці).

Афіцыйны прадстаўнік Усходняй групы войскаў УСУ Ілля Еўлаш заявіў, што Сілы абароны працягваюць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім кірунку.

Украінскі жаўнер, які дзейнічаў, імаверна, ля Рабоціна, даў дадатковыя тактычныя падрабязнасці аб падрыхтаваных расейскіх абарончых пазіцыях, якія прарвалі УСУ, і аб тых, якія цяпер знаходзяцца наперадзе іх.

Паводле ягоных слоў, ля Рабоціна існуе сістэма ўзаемазвязаных расейскіх траншэй, бліндажоў і абмежаваных падземных тунэляў, якія дазваляюць акупантам аблягчаць перасоўванне асабовага складу, узбраення і баявых прыпасаў з розных тактычных пазіцый уздоўж фронту.

Таксама баец УСУ заявіў, што супрацьтанкавыя равы і мінныя палі супраціўніка распасціраюцца па палях перад і паміж гэтымі ўзаемазлучанымі ўзроўнямі абарончых пазіцый.

Жаўнер УСУ дадаў, што ўсе «нераскапаныя» тэрыторыі вакол гэтых падрыхтаваных абарончых пазіцый моцна замінаваныя і што расейскія войскі ў сваіх абарончых пластах праклалі вузкія незамінаваныя шляхі, якія дазваляюць акупантам дабрацца да агнявых пазіцый.

Пры гэтым абаронца не ўдакладніў, ці прайшлі Сілы абароны праз самыя шчыльныя мінныя палі, але выказаў меркаванне, што УСУ ўсё ж давядзецца пакрысе разміноўваць тэрыторыі, перш чым рухацца далей.

Перад гэтым эксперты ISW выказалі меркаванне, што абшары побач з наступнай сэрыяй падрыхтаваных расейскіх абарончых пазіцый могуць быць слабей замінаваныя, каб даць акупантам, якія дзейнічаюць на поўнач ад гэтых пазіцый, магчымасць адступіць, хоць справаздачы вайскоўцаў УСУ прадугледжваюць, што гэта можа быць не так у абшарах, дзе Сілы абароны цяпер набліжаюцца да наступнага расейскага абарончага эшалона.

У справаздачы гаворыцца, што УСУ цяпер знаходзяцца ў межах дасяжнасці наступнай сэрыі расейскіх абарончых пазіцый, якая, мяркуючы з усяго, складаецца з параўнальна больш шчыльнага комплексу супрацьтанкавых равоў і супрацьтанкавых загарод "зубы цмока", за якімі размешчаныя расейскія баявыя пазіцыі, аналагічныя папярэднім.

Апошнія навіны