«Нават калі я ў 60 гадоў вярнуся ў Беларусь, у мяне яшчэ будзе порах у парахаўніцах»
- 11.08.2023, 19:45
Маргарыта Ляўчук — пра паездку на вайну, выбухі за акном і свой пазыўны.
«Я ў палку. Мой пазыўны — Палеха» — так Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка, якая з'ехала з Беларусі ў 2020 годзе, «адкрыла» ў інстаграме сваю паездку ў Кіеў. Што значыць у палку? І што азначае паездка беларускай спявачкі ва Украіну? "Медыязона" атрымала адказы на гэтыя пытанні і даведалася, чаму опера "нікому не патрэбная".
"Мне за сябе не сорамна". Рэвалюцыя замест оперы
Маргарыту паклікалі ў Кіеў каліноўцы - проста пісалі ёй у інстаграм ледзь не з пачатку вайны. Яна нарэшце дабралася да Кіева, куды ў 2022 годзе хацела пераязджаць з Вільні. Пачалася вайна, для беларусаў закрыліся межы, але Ляўчук прыехала, каб даць канцэрт для байцоў. Без куліс, пры дзённым святле і з начосам, зробленым добраахвотнікамі.
- Мне нават падрыхтавалі грымёрку, з якой ісці аж пяць хвілін - гэта самы доўгі шлях у маім жыцці да сцэны.
Праз паездкі ва Украіну Маргарыце давялося скасаваць канцэрт у Літве (і страціць ганарар) - быў запланаваны выступ з опернымі арыямі і аркестрам.
Канцэртаў зараз оперных у артысткі не шмат - праз траўму галасавых звязак давялося на некалькі месяцаў іх скасаваць. Аб тым, што яе оперная кар'ера прыпынілася пасля 2020 года, Маргарыта не шкадуе. Выступленняў магло быць і больш, але спявачка... не хоча.
- У многіх ёсць дыплом юрыста, але не ўсе працуюць паводле прафесіі. У мяне ёсць дыплом опернай спявачкі - калі хачу, тады спяваю. Мне хочацца, каб мяне называлі артысткай, вольнай артысткай.
Артыстка дадае, што час зараз — не для оперы і яна "вольны чалавек", можа займацца творчасцю, "вырваўшыся з сістэмы, дзе за партыю плацілі 30 рублёў".
- Я такая спяваю, ведаеш, "Салавей" Аляб'ева - тады можна было такое спяваць, арыю "Царыца ночы" і ўсе - "Вау!". А я стаю на сцэне і не разумею, каму гэта трэба. Піруэты мае. Пасля 2020 года і пасля таго, як я з'ехала з Беларусі, опера і піруэты не маюць сэнсу. У “Царыцы ночы” ўсе чакаюць фа трэцяй актавы - і ты як цыркач: о, глядзі, о, дастаў, клас. А што за гэтым стаіць? Мая карпатлівая праца - каму яна патрэбна? Мне трэба рабіць беларускія песні, нешта для рэвалюцыі, дапамагаць камусьці - а вось гэта ўсё навошта? Весяліць людзей? Нават седзячы на залатым унітазе, запісваючы жарты, здаецца, я больш раблю, чым проста б рабіла б канцэрты па ўсім свеце.
“Можаш з мокрай галавой пабегчы ў бомбасховішча. Калі дабяжыш”. Паветраныя трывогі
У Кіеве спявачка адчувае сябе бяспечна. Першая паветраная трывога заспела яе ноччу. Маргарыта выклала відэа з сірэнай у сторыс.
- Я толькі кладуся спаць - і сірэна. Ды пайшло на сухі лес, што рабіць? Урываецца сяброўка “Усё нармальна. Марозіва хочаш?”. Я бачу, што яна спакойная, усе спакойныя і я буду спакойная. Елі дарэчы беларускае марозіва. У Кіеве. А нядаўна, калі была ў палку, 36 ракет ляцела - мы хаваліся. Мяне павезлі ў бункер.
Кватэра, дзе спынілася Ляўчук, знаходзіцца ў цэнтры — не раз спявачка чула выбухі, палёты шахед і залпы СПА. Аб паветраных трывогах Маргарыта кажа як пра варажбу: "упадзе - не ўпадзе", "бегчы - не бегчы" і аб надзеі: "усе вераць у СПА".
— Змяшчаю сірэну, каб людзі паглядзелі, як гэта бывае. Можаш з мокрай галавой пабегчы ў бомбасховішча. Калі дабяжыш. Усе пасля ночы ў Кіеве ходзяць невыспаныя, але адзін аднаго разумеюць.
Знаёмая Маргарыты патрапіла пад расейскі абстрэл у Дняпры: сядзела ў аўто побач з домам, куды прыляцела ракета. Прагрымеў выбух - пасыпаліся абломкі - спрацавала падушка бяспекі ў аўто.
Чаму ўкраінцы "так рэагуюць" на расейцаў і беларусаў, Маргарыце "стала больш зразумела" пасля таго, як думала аб расейскай ракеце.
- Ляжу падчас паветранай трывогі і думаю “Файна, прыехала Кіеў, а з маёй тэрыторыі пруць ракеты. Мяне можа забіць”.
У 2017 годзе Маргарыце прапанавалі з'ездзіць з канцэртам у Крым, але яна адмовілася.
- Як я раней казала, "я па-за палітыкай", але нават сваім дзявочым мозгам разумела, што гэта - ганьба і таўро на ўсё жыццё.
Маладыя ветэраны і пачуццё, што ты - патрэбны. Канцэрт у Палку
Паўтарагадзінны канцэрт Маргарыты ў Палку Каліноўскага атрымаўся “неверагодны і зараджаны сумам”. Спявачка кажа пра байцоў “пабрацімы” і называе “коцікамі”. Расказвае, што хлопцы шмат фатаграфаваліся, абдымаліся і нават паспелі запрасіць на пару спатканняў.
- Я сустрэла ў палку ваяра, які ў 2021 годзе пісаў, што закахаўся. Я тады адказала яму, што не зайздрошчу. Ён мяне запрашаў на гарбату і зараз сказаў “я марыў пра спатканне з вамі”, і мы з ім сустрэліся на гарбату ўжо ў Кіеве.
Іншы падышоў, кажа, “Абдымі мацней, заўтра на фронт”. Канцэрт для іх — гэта зараз паўтары гадзіны адпачыць душой, а праз паўтары гадзіны ехаць на вайну, як мой гітарыст з Брута. Ён мне так і сказаў: "Давай канцэрт, як апошні раз".
Была зусім іншая энэргія - не такая, як сядзяць у тэатры, прыгожыя і чакаюць цырка папляскаць. Тут я адчуваю сябе патрэбнай. Не проста ў паветра песні спяваеш і кадэнцыі выдаеш. Уяўляеш, песня - патрэбна людзям!
Без сафітаў, дзённае святло, нічым не апішаш, не параўнаеш. Як яны спяваюць разам, як слухаюць, як рагочуць з Красной Зелени, як перамянялася на сцэне — начос байцы чухалі. “Гэта вам не страляць”, кажу - рагаталі ўсе. Гэта трэба было для людзей, якія тут, ім гэта важна. Каб нехта прыехаў і з імі пабыў.
А як яны адказваюць на "Жыве Беларусь!" хорам. Да дрыжыкаў, гэта кранае.
"Ім важна, каб нехта прыехаў і з імі пабыў". Як дапамагчы добраахвотнікам
Калі Маргарыта толькі прыехала ў полк, звярнула ўвагу, як усе сцішыліся - яе сядзіць і чакае "процьма людзей". Спытала "У нас тут нейкі гурток?". Байцы адказалі: "Мы вас чакаем: будзем піць гарбату і размаўляць".
Прагаварылі 4 гадзіны. Каліноўцы задавалі шмат пытанняў: “Як там Вільня? Ці бачыліся са Святланай? А з кім бачыцеся? Што пра нас гавораць? Як надвор'е? А дзе былі, куды ездзілі?”. Спявачка ж распытала байцоў аб пазыўных.
- За кожным - гісторыя. А я без пазыўнога — сядзелі, думалі, ваяры прапаноўвалі “Грыша” ці “Начос”. Давайце больш сур'ёзна, кажу. У дзяцінстве ў маёй вёсцы былі мянушкі і ў мяне быў дзед Палеха, ён з Палесся. А я была Палехіна ўнучка. І пачалі называць так. Калі зараз нехта піша мне з пазыўным, разумею, што ваяры пішуць. Мы парадніліся, быццам я - адна з іх.
Спявачка расказвае, што сутыкнулася з прэтэнзіямі байцоў да “тых, хто ў Варшаве сядзіць і Вільні”, “што мы нічога не робім”.
- Іх можна зразумець. Мне казалі "Не магу глядзець гэтыя гісторыі, дзе смажаць шашлыкі". У нас звычайнае жыццё, якім яны жылі да вайны. Усіх можна зразумець, але яны тут кожны дзень бачаць пекла.
На офіс наракаюць, на таго, на гэтага, паміж сабой нешта - я кажу, давайце неяк разам будзем, мы не хочам чуць што вы тут сварыцеся. Я тут, я сама па сабе, ні да каго не далучылася, у мяне свая місія.
Ва ўсіх прэтэнзіі адзін да аднаго, а я як Леапольд. "Давайце казаць, камусьці трэба нешта перадаць - давай перадам". Павязу асабістыя паведамленні.
Жадаецца ўсе нешта зрабіць для байцоў. А яны кажуць, "вы ўжо дапамагаеце". Я ім яшчэ зачытвала, што людзі пісалі мне ў інстаграм, прасілі перадаць, напрыклад, прывітанне з вось такога раёна - ім дужа было прыемна.
Чым дапамагчы? Ім патрэбны людзі. А так дапамагайце, чым можаце.
Патрэбны простыя рэчы. Разуменне, клопат, павага, выслухаць.
Па марозіва — на БТРы
Акрамя канцэрта, у Маргарыты была свая “праграма” ў Кіеве: наведаць параненых беларускіх добраахвотнікаў у шпіталі, з'ездзіць у Бучу, пакатацца на БТРы - па марозіва.
— Са шпіталя мне пісалі хлопцы, я адказала: “Дзецюкі я прыеду”. Хлопец без нагі, і не толькі без нагі, там сур'ёзнае раненне, сустракае: “О, прывітанне, зара будзем расказваць як ******* гасілі. У іншага такая траўма, што смяяцца не можа, а мы рагочам і ён просіць "Можаш за мяне пасмяяцца?".
Прыехала ў Бучу: разваліны, пах нават праз год, які ні з чым не параўнаць. Гэта страшна.
Што далей
Маргарыта плануе яшчэ раз прыехаць з канцэртамі, магчыма, выехаць далей за Кіеў. І ўжо рыхтуецца да Новага года: хоча запісаць беларускія калядкі.
З эміграцыяй спраўляецца добра: дапамагае сабе “падманам” - прыдумала, што так зацягнуліся гастролі. Аднойчы яна ўжо жыла ў Вільні — калі прыязджала сюды спяваць.
Па Менску і Берасці не сумуе, тлумачыць гэта тым, што ўспаміны прытупіліся.
- Я б у свой дом у вёсцы прыехала. І на магілы сваіх продкаў. А так жывеш, дыхаеш, ніхто ў дзверы не б'ецца, на паліцыю рэагуеш нармальна. А не як у 2020 годзе - спіш у адзенні, таму што могуць прыйсці.
Нават калі я ў 60 гадоў вярнуся ў Беларусь, у мяне яшчэ будзе порах у парахаўніцах. З Вільні не магу выехаць, бо там блізка да мяжы, таму калі што, я першая стартую.
Усе гавораць, што вайна надоўга. А ўвогуле вельмі шмат баязліўцаў сярод мужчын. Чаму дзяўчынка можа сказаць, што чорнае - гэта чорнае, а некаторыя - не? Так сорамна за іх. Не ведаю, можа трэба, каб усе былі правільнымі ці… баранамі? Можа, трэба быць баранамі? Яны заўсёды за праўду-матку, гэта я. Але вельмі шмат слабакоў. І мне цяжка, я такі... дзяцюк. Я больш дзяцюк, чым некаторыя дзецюкі.
Ніхто не вучыў нас ваяваць, ніхто не вучыў нас рабіць рэвалюцыю, але мы разумеем, што трэба змагацца са злом, з дыктатурай, з Лукашэнкам.