BE RU EN

Егіпет уводзіць падатак для беларускіх турыстаў

  • 5.06.2023, 20:15

На выезд і забавы.

Улады Егіпта праанансавалі ўвядзенне новых падаткаў для турыстаў з Беларусі і іншых краінаў. Плануецца ўвесці падаткі на раскошу, забавы і нават выезд, піша «РІА Навіны».

Сярод іншага, у парламенце Егіпта прынялі пастанову павысіць шэраг падаткаў і збораў, якія так ці інакш закрануць турыстаў у краіне. Напрыклад, ухвалены 10% падатак на імпартаваныя прадметы раскошы, а таксама алкаголь, шакалад, садавіну, кававыя зерні, вэнджаны ласось і іншыя прадукты. Гэтыя тавары запатрабаваныя ў гатэлях найвышэйшай коштавай катэгорыі, а значыць, праз падатак вырастуць кошты на іх для адпачывальнікаў.

Але яшчэ ўводзіцца дадатковы падатак 3 адсоткі на тавары ў крамах бязмытнага гандлю – егіпецкіх duty free. Падатак будуць плаціць за тавары даражэйшыя за 5 даляраў за адзінку ўсе замежнікі, акрамя дыпкорпусу.

Яшчэ адзін новы падатак у Егіпце для турыстаў – падатак на забавы для адпачывальнікаў. Так, 5 адсоткаў збору будуць спаганяць з музычных і танцавальных вечарынак у атэлях. Яшчэ 10% – за сафары і дайвінг, у тым ліку ад коштаў на рыштунак. І яшчэ 15% – падатак на палёты на паветраным шары.

Акрамя таго, у Егіпце скарэктавалі падатак на выезд для тых, хто пакідае краіну. Інфармацыя ў СМІ адрозніваецца, але, хутчэй за ўсё, падатак за выезд з Егіпта будуць плаціць толькі турысты. Прычым выязны збор плануюць павялічыць адразу ў два разы – да 100 егіпецкіх фунтаў. Аднак іншыя крыніцы кажуць, што падатак для замежнікаў, якія наведалі правінцыі Чырвонае мора, Паўднёвы Сінай, Луксор, Асуан і Марса-Матрух, захаваюць на ўзроўні 50 егіпецкіх фунтаў.

Нагадаем, яшчэ ў 2019-м у Егіпце падатак на вылет павялічылі да 25 даляраў, яго аўтаматычна ўключалі ў кошт авіяквіткоў.

Апошнія навіны