Украіна пачала контрнаступ?
- 5.06.2023, 20:08
Мінабароны заявіла пра наступальныя дзеянні, NYT піша, што іх убачылі ў ЗША.
5 чэрвеня намесніца кіраўніка Мінабароны Ганна Маляр паведаміла, што УСУ на некаторых кірунках пераходзяць да наступальных дзеянняў.
Яна паведаміла, што эпіцэнтрам баявых дзеянняў застаецца Бахмуцкі кірунак, дзе ўкраінскія вайскоўцы рухаюцца «даволі шырокім фронтам» і займаюць важныя вышыні, а вораг спрабуе ўтрымаць пазіцыі.
Таксама намесніца міністра абароны адзначыла, што вораг знаходзіцца ў абароне і на поўдні.
Міністэрства абароны РФ яшчэ да гэтага паведаміла пра «буйнамаштабны наступ Узброеных сілаў Украіны на пяці адрэзках фронту». Аднак у Генштабе УСУ назвалі гэтыя заявы фэйкам. Маляр сцвярджала, што да контрнаступальных дзеянняў украінскія вайскоўцы пераходзяць у рамках абарончай аперацыі, а расейцы актыўна запускаюць інфармацыю пра контрнаступ, каб «адарваць увагу ад паразы на Бахмуцкім кірунку».
3 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Украіна ўжо гатовая да контрнаступу.
Пра наступ паведаміла і выданне New York Times.
Чыноўнікі, якія гаварылі на ўмовах ананімнасці, заявілі журналістам, што ўсплёск нападаў быў магчымай прыкметай пачатку даўно запланаванага контрнаступу Кіева супраць расейскіх войскаў.
Афіцыйныя асобы часткова засноўвалі сваю ацэнку на інфармацыі з ваенных спадарожнікаў ЗША, якія зафіксавалі ўсплёск актыўнасці з украінскіх ваенных пазіцый.
Адна з цяжкасцяў у вызначэнні дакладнага пачатку контрнаступу, акрамя аператыўных захадаў бяспекі Украіны, заключаецца ў тым, што баявыя дзеянні могуць пачацца з ілжывых манеўраў або дыверсій, якія цяжка расшыфраваць.
Пацвярджаючы паведамленні пра магчымы пачатак контрнаступу, амерыканскія ваенныя аналітыкі заявілі, што, на іхнюю думку, украінскія падраздзяленні пачалі пачатковы ўдар, каб вызначыць пазіцыю і колькасць расейскіх сілаў.