«Нік і Майк»: Сабаленка не зможа доўга хавацца за абстрактнымі фармулёўкамі
- 5.06.2023, 17:34
Пазіцыя спартоўкі перастала задавальняць нават еўрапейскую прэсу.
Арына Сабаленка становіцца галоўнай ньюсмейкеркай «Ралан Гарос», піша тэлеграм-канал «Нік і Майк»:
- Але гэта відавочна не тая слава, якой бы хацелася, хоць і дакладна тое, што яна заслугоўвае.
Яна стала прыкладам таго, што ў сітуацыі вайны не атрымаецца доўга хавацца за абстрактнымі фармулёўкамі. Бо калі «ўсе спартоўцы супраць вайны», то чаму на канкрэтнае пытанне пра Арыну Сабаленку, яна хаваецца за фразай «у мяне няма для вас каментара»?
Сітуацыя на турніры паказвае, што такая крывадушная пазіцыя перастала задавальняць нават талерантную еўрапейскую прэсу, якая стаяла на пазіцыях «не ўсё так адназначна» і «яна ж хоць неяк супраць вайны выказваецца». Агульныя фразы перастаюць задавальняць міжнародную спартовую супольнасць на фоне ўзмацнення пагроз з боку бункернага і сіняпальцага зладзіць ядзерны апакаліпсіс.
Чым часцей Арына будзе ўцякаць з прэс-канферэнцый і ўхіляцца ад адказаў на простыя, але вельмі прынцыповыя пытанні, тым менш будзе падстаў і ў спадара Баха ўважаць тэніс за цудоўны прыклад выкарыстання «нейтральнасці». Нейтральнасці няма, а крывадушнасць і жаданне зарабляць ёсць. Гэта акурат тое, што можа стаць вынікам прымірэнчага падыходу МАК. Маўклівыя, баязлівыя прыстасаванцы ў якасці герояў.
На гэтым фоне характэрная пастанова расейскага алімпійскага камітэта аб забароне падпісваць усе дэкларацыі «палітычнага характару» - гэта значыць, з фармулёўкамі «за мір» або «супраць вайны». Яны самі дэманструюць першапачатковую адсутнасць нейтральнасці. У такім фармаце страчвае ўсялякі сэнс нават вымаўленне Алімпійскай клятвы прадстаўнікамі Расеі.
Сумна, калі новымі ролевымі мадэлямі МАК выбірае сабаленак, а не робіць стаўку на новых Джэсі Оўэнсаў. Але ў гісторыю ўпісваюць свае імёны менавіта Джэсі, а такія імёны як Конрад Фрэй можна знайсці толькі ў статыстычных даведніках.
Як пісаў сайт Charter97.org, пасля матчу супраць Камілы Рахімавай Сабаленка правяла закрытую прэс-канферэнцыю толькі для абраных журналістаў, на якой патлумачыла гэта пагрозай свайму «ментальнаму здароўю».
Раней тэнісістка-ябацька адмовілася адказваць на пытанні аб сувязях з Лукашэнкам і вайне ва Украіне.