BE RU EN

«Захоплены «вагнераўцамі» расейскі падпалкоўнік паказаў сваю подласць і баязлівасць»

  • 5.06.2023, 17:10

Як будзе развівацца канфлікт Прыгожына і Мінабароны РФ?

Верхавод прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў аб узяцці падчас перастрэлкі ў палон расейскага падпалкоўніка, камандзіра брыгады войска РФ Рамана Веневіціна. Гэта адбылося пры адступленні «вагнераўцаў» з Бахмута.

Сайт Charter97.org папрасіў судырэктара праграм замежнай палітыкі і міжнароднай бяспекі Цэнтра Разумкова, першага памочніка міністра абароны Украіны (2005-2008), ваеннага экспэрта Аляксея Мельніка пракаментаваць канфлікт паміж рэгулярнымі войскамі РФ і ПВК Прыгожына:

- Па-першае, калі ацэньваць катэгорыю такога інцыдэнту, то гэта далёка не першы выпадак. Прыгожын дазваляе сабе крытыкаваць міністра абароны РФ Шайгу, начальніка Генштаба Герасімава і іншых. Публічная крытыка - гэта такая дэманстрацыя поўнага ігнаравання, грэбавання якімі-небудзь законамі. Калі браць гэтага няшчаснага камбрыга, дык ён далёка не першы. Да гэтага былі людзі, якіх я пералічыў. Тут толькі розніца ў абставінах, дэталях.

- Паміж «вагнераўцамі» і расейскімі вайскоўцамі завязаўся бой, калі найміты адыходзілі з Бахмута. Пра якія працэсы ўнутры войска РФ могуць сведчыць такія інцыдэнты?

- Трэба вярнуцца крышку ў перадгісторыю, калі Прыгожын анансаваў выхад з Бахмута. Тады многія экспэрты, і я ў тым ліку, з многіх прычын ставілі пад сумненне магчымасць такога бесперашкоднага выхаду. Па-першае, з чыста ваеннага пункта гледжання, гэта прывяло б да паслаблення такога важнага для расейцаў адцінка - Бахмута.

Па-другое, пытанне, якім напэўна задавалася прынамсі расейскае ваеннае камандаванне, а, можа быць, нехта і ў палітычным кіраўніцтве Расеі: «А куды «Вагнер» пойдзе далей?».

Калі б не актыўнасць Прыгожына, якая сведчыць пра ягоныя палітычныя амбіцыі, калі б ён проста зноў хацеў сысці ў сваю ўлюбёную Афрыку ці на Блізкі Усход, то гэта яшчэ паўбяды.

Але ўзніклі дастаткова важкія падставы меркаваць, што ён адчуў смак да палітыкі і напэўна паспрабуе рэалізаваць нейкі чарговы са сваіх праектаў на тэрыторыі самой Расеі.

Пацвярджэнні гэтым здагадкам не прымусілі сябе доўга чакаць. Прыгожын ужо заявіў аб тым, што можа паклапаціцца аб «бяспецы Белгарадскай вобласці». Увогуле, зараз расейскае кіраўніцтва напэўна зацікаўлена ў тым, каб калі не сам Прыгожын, то дастаткова баяздольныя рэшткі ягонага войскаў затрымаліся і растварыліся ў раёне Бахмута.

Што да перастрэлак, то інфармацыя пра такія інцыдэнты з'яўлялася раней у публічнай плоскасці, але гэта было, скажам, інцыдэнты вельмі нізкага ўзроўню, калі паміж сабой канкуравалі нейкія структуры. Да прыкладу, узброеныя сілы з фсбшнікамі ці «кадыраўцы» з кімсьці. Але гэта хутчэй такія інцыдэнты, якія сведчаць аб дэградацыі дзяржаўнай сістэмы ў Расеі, а з другога - гэта дастаткова дробны маштаб у параўнанні з канфліктамі з кампаніяй Прыгожына, якія ўжо адбыліся і будуць яшчэ.

На мой погляд, паўтаруся, гэта яшчэ адно магутнае сведчанне дэградацыі Расеі як дзяржавы.

- Ці бачыце вы перадумовы таго, што канфлікт паміж наймітамі і расейскім вайскоўцамі можа стаць больш сур'ёзным?

- Мяркую, што гэта не здарыцца сёння ці заўтра, але давайце паспрабуем спрагназаваць дзеянні вайскоўцаў, якія атрымалі сур'ёзнае публічнае прыніжэнне, пачынаючы з гэтага камандзіра брыгады. Камандзір на камеру прадэманстраваў, на мой погляд, такія характэрныя якасці расейскага афіцэра, як подласць і баязлівасць.

Відавочна, што ваяваць з «прыгожынцамі» не было ягонай асабістай ініцыятывай. Ён ведае, хто такі Прыгожын, якія ў яго заступнікі. Хутчэй за ўсё, ён выконваў нечы загад. Якім чынам зараз сябе паводзяць тыя, хто аддаваў яму гэты загад? Нават калі яны яго не абароняць, не паспрабуюць аднавіць справядлівасць, пакараць вінаватых, то яны ў той жа манеры, што і гэты камбрыг, будуць шукаць нагоды, каб Прыгожыну адплаціць яго ж манетай.

Гэта ўсё перадумовы да таго, што гэты канфлікт далёка не вычарпаны. Зразумела, што і Прыгожын паказаў, што нікога не баіцца. Дарэчы, калі казаць пра тое, ці рушыць пакаранне завадатара «Вагнера» за захоп расейскага падпалкоўніка, то хутчэй за ўсё, не.

Апошнія навіны