У Асіповічах на заводзе «ТэхнаНіколь» загарэліся пары бітуму
- 17.06.2023, 12:09
МНС давялося астуджаць бітумныя рэзервуары.
Позна вечарам 16 чэрвеня ў Асіповічах адбыўся пажар на прамысловым прадпрыемстве па вуліцы Чапаева з прычыны загарання пароў бітуму, паведамляе МНС у дзённай зводцы здарэнняў.
Сігнал у МНС паступіў у 22.49. Гарэлі пары бітуму, якія выходзяць з дыхальнай арматуры металічнага рэзервуара аб'ёмам 1000 куб. метраў, што быў запоўнены бітумам на 400 куб. метраў.
Загаранне было ліквідаванае без шкоды і пацярпелых. Каб не дапусціць сур'ёзных наступстваў, супрацоўнікам МНС давялося праводзіць астуджэнне рэзервуараў з бітумам – двух аб'ёмам 3000 куб. м і аднаго аб'ёмам 1000 куб. м.
Праводзіцца праверка, высвятляецца прычына інцыдэнту. Паведамляецца, што тэхналагічны працэс прадпрыемства не парушаны.
МНС не ўдакладняе назву прадпрыемства, аднак найбольш верагодна, што такія сховішчы бітуму можа мець толькі буйны дахавы завод «ТэхнаНІКОЛЬ», размешчаны па вуліцы Чапаева, 11.