BE RU EN

Нямеччына закрывае амаль усе свае консульствы ў Расеі

  • 31.05.2023, 18:02

Таксама Берлін закрывае амаль усе расейскія генконсульствы ў ФРГ.

Урад Нямеччыны пастанавіў закрыць тры з пяці сваіх консульстваў у Расеі, а таксама амаль усе расейскія генконсульствы ў ФРГ. Аб гэтым заявіў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства ФРГ Крыстафер Бургер.

Да лістапада Нямеччына закрые свае консульствы ў Екацярынбургу, Калінінградзе і Новасібірску, каб «выканаць устаноўку Расіі па скарачэнні нашага персаналу», адзначыў Бургер. З яго слоў, іх дзейнасць ужо была значна абмежаваная. Консульствы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу прадоўжаць працаваць у ранейшым рэжыме.

Такую пастанову Берлін прыняў у адказ на ўвядзенне расейскімі ўладамі ліміту на колькасць працаўнікоў нямецкай амбасады і сумежных органаў. Раней Масква абмежавала іх колькасць да 350 чалавек. Са слоў Бургера, гэта быў «крок да эскалацыі».

«Што да расейскай прысутнасці ў Нямеччыне, прынятая пастанова на ўмовах узаемнасці — з мэтай выканаць парытэт узаемнай прысутнасці як у кадравых, так і структурных дачыненнях. У сувязі з гэтым мы пастанавілі адклікаць згоду на дзейнасць чатырох з пяці расейскіх генконсульстваў у Нямеччыне», - сказаў Бургер.

Улады Нямеччыны праінфармавалі аб гэтым расейскае МЗС, а таксама запатрабавалі неадкладна пачаць працэс закрыцця генконсульстваў і скончыць яго да 31 снежня 2023 года. Пры гэтым пасольства РФ у Берліне працягне працаваць.

У красавіку Нямеччына арганізавала масавую высылку расейскіх дыпламатаў з краіны. У Берліне патлумачылі такі захад неабходнасцю знізіць актыўнасць спецслужбаў Расеі.

Пасля гэтага Масква выслала сотні грамадзян Нямеччыны, якія працуюць у сферах культуры і адукацыі. Гэта закранула настаўнікаў школы імя Фрыдрыха Ёзэфа Гааза пры пасольстве Нямеччыны, работнікаў Гётэ-інстытута, а таксама дыпламатаў і культурных пасрэднікаў. МЗС ФРГ спрабавала адгаварыць Маскву ад гэтага, але пастанова ўсё адно была прынятая. У Берліне палічылі такія дзеянні «аднабаковымі, неабгрунтаванымі і незразумелымі».

Апошнія навіны