Расейскія СМІ: Пуцін не пачуваецца ў бяспецы
- 31.05.2023, 16:02
Гаспадар Крамля перастаў выязджаць за мяжу.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін перастаў выязджаць за мяжу пасля выдачы Міжнародным крымінальным судом у Гаазе ордэра на ягоны арышт як вайсковага злачынцу. Аб гэтым піша выданне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы, якія кажуць, што Пуцін не адчувае сябе ў бяспецы.
За два з паловай месяцы пасля выдачы ордэра Пуцін ні разу не пакідаў межы Расеі. Апошні раз ён рабіў гэта ў 2022 годзе - 19 снежня дыктатар ездзіў у Менск. Да гэтага, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, Пуцін выязджаў за межы Расеі 10 разоў, зрэшты, для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які праходзіў у сярэдзіне верасня ва Узбекістане.
Сёння, 31 траўня, стала вядома, што Пуцін не паедзе на саміт ШАС у Індыю.
«Калі Пуцін не паедзе ў Індыю – то гэта праз ордэр, зразумела», – сказала выданню высокапастаўленая крыніца ў нелегітымнай Дзярждуме. На яе думку, дыктатар не адчувае сябе дастаткова абароненым, у тым ліку праз нядаўнія напады беспілотнікаў на Маскву, і імкнецца мінімізаваць рызыкі для сябе. «Ва ўсякім разе, такую думку транслююць у кулуарах Крамля. Адчування бяспекі (у Пуціна) няма», - дадала крыніца.
Саміт ШАС, які ў пачатку ліпеня павінен быў прайсці ў Дэлі, перавялі ў онлайн-фармат на фоне выдачы ордэра на арышт Пуціна. Мерапрыемства ў онлайн-фармаце праводзілі толькі адзін раз у гісторыі — у 2020 годзе праз эпідэмію каранавіруса. У 2021 годзе сустрэча прайшла ўжо ў вочным фармаце ў Душанбэ. Пуцін на яе не прыехаў, бо знаходзіўся на самаізаляцыі (паводле афіцыйнай версіі, праз успышку ковіда ў найбліжэйшым асяроддзі).