«Я - эліта»: у сеціва злілі адпачынак дзяцей Прыгожына пасярод бахмуцкай калатнечы
- 31.05.2023, 14:26
Нашчадкі ваеннага злачынцы зладзілі «патрыятычную» пагулянку з арыгінальнымі «стравамі».
У сеціва злілі відэа адпачынку дзяцей верхавода «Вагнер» Яўгенія Прыгожына - Паўла і Веранікі - пасярод бахмуцкай калатнечы, якую зладзіў іхні бацька.
Як паведамляе праект «ВЧК-ОГПУ», відэа і фота з пагулянак дзяцей Прыгожына ў Карэліі злілі іхнія сябры. Запісы зробленыя падчас самых жорсткіх баёў у Бахмуце. Тады Прыгожын адпраўляў сваіх наймітаў на штурм.
«Давай гімн... ты канькаеш драбязу ля сталоўкі, ты агіднік, а я - эліта», - спяваюць дзеці верхавода «Вагнера».
"Цымусам" пагулянкі стаў дашырак з выкладзенымі на ім маянэзам літарамі SVO (ці ZVO) пад песню "А ты ў вёсцы".
"Сустракайце, расейцы, новую эліту", - адзначыў канал.
Паказ элітнага адпачынку дзяцей Прыгожына не супадае з ягонымі заявамі аб вайне. Надоечы верхавод разбітай пад Бахмутам ПВК «Вагнер» загаварыў аб усеагульнай мабілізацыі ў Расеі, якую ўважае за неўнікнёную. Ён прапануе абвясціць яе ўжо цяпер, каб мабілізаваныя мелі час на падрыхтоўку да вайны.
Перад гэтым верхавод «Вагнера» Яўгеній Прыгожын прызнаў, што расейскае войска нясе велізарныя страты ва Украіне - значна большыя, чым у Афганістане. Паводле ягоных слоў, у Бахмуце ліквідавана пароўну крымінальнікаў-наймітаў і кадравых "вагнерцаў" - разам нібыта 20 тысяч трупаў.