BE RU EN

Сёння - дзень нараджэння Святланы Алексіевіч

  • 31.05.2023, 12:01

Лаўрэатцы Нобэлеўскай прэміі споўнілася 75 гадоў.

31 траўня 1948 года нарадзілася беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч - аўтарка "Чарнобыльскай малітвы" і "У вайны - не жаночае аблічча".

Святлана Алексіевіч нарадзілася ў месце Станіславе (сёння - Івана-Франкоўск) ва Украіне ў сям'і беларуса і ўкраінкі. Пасля дэмабілізацыі бацькі сям'я вярнулася ў Беларусь.

Алексіевіч скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу (Петрыкаўскі раён), пасля заканчэння школы працавала карэспандэнткай нараўлянскай раённай газеты.

У 1967 годзе паступіла на факультэт журналістыкі БДУ, які скончыла ў 1972 г. Працавала ў бярозаўскай раённай газеце "Маяк камунізму", выкладала ў школе. Потым працавала ў менскай "Сельскай газеце", у 1976-1984 гадах - загадчыца аддзела нарысаў і публіцыстыкі часопіса "Нёман".

Дэбютавала як пісьменніца ў 1975 г. Аўтарка дакументальных кніг «У вайны — не жаночае аблічча» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цынкавыя хлопчыкі» (1989), «Зачараваныя смерцю» (1993), «Чарнобыльская малітва» (1997).

Кнігі Святланы Алексіевіч перакладаліся і выдаваліся ў больш за 20 краінах свету. Яна - аўтарка сцэнарыяў да 21 фільма.

У 2015 годзе пісьменніца была ўзнагароджаная Нобэлеўскай прэміяй за літаратуру за цыкл твораў «Галасы Утопіі», складзены з шасці кніг: «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «Апошнія сведкі», «Чарнобыльская малітва» , «Час сэканд-хэнд». Прэмія была ўручаная ёй з фармулёўкай за "шматгалоснае гучанне" прозы і "увекавечанне пакуты і мужнасці".

Апошнія навіны