BE RU EN

WSJ: Выпушчаная з Беларусі ракета Х-55 упала каля навучальнага цэнтра NATO ў Польшчы

  • 31.05.2023, 10:59

Гэта стала сур'ёзным выклікам для бяспекі паветранай прасторы Альянсу.

Крылатая ракета, якая ў снежні 2022 года ўпала на тэрыторыі Польшчы, прызямлілася ў лесе непадалёк ад навучальнага цэнтра NATO. Гэта стала сур'ёзным выклікам для бяспекі паветранай прасторы Альянсу, паведамляе Wall Street Journal.

Адзначаецца, што польскі ўрад адмаўляецца ідэнтыфікаваць адломкі да заканчэння расследавання, аднак аналітыкі ў пытаннях бяспекі і заходнія афіцыйныя асобы мяркуюць, што гэта была крылатая ракета Х-55, якую Расея выкарыстоўвала з тэрыторыі Беларусі, каб заблытаць украінскія сістэмы СПА.

У лістападзе Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што Расея перарабіла старыя крылатыя ракеты, прызначаныя для дастаўкі ядзернай зброі, пазбавіўшы іх баявых галовак, і выпусціла ва Украіну ў якасці "прынады".

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пасля атрымання ўнутранай справаздачы аб ракеце на пачатку траўня адмовіўся абмяркоўваць інцыдэнт.

"Усё, што цяпер абмяркоўваецца СМІ, – толькі меркаванне", – сказаў Дуда ў інтэрв'ю WSJ.

Прадстаўнік NATO таксама ўстрымаўся ад каментароў, але пацвердзіў, што Дуда размаўляў з генеральным сакратаром Енсам Столтэнбэргам пасля таго, як былі знойдзеныя адломкі.

"NATO безупынна кантралюе нашу сістэму супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, каб забяспечыць стрымліванне і абарону для ўсіх сябраў Альянсу", - сказаў чыноўнік.

27 красавіка генеральны пракурор Польшчы заявіў, што ў лесе на поўначы краіны знайшлі адломкі невядомага вайскова-паветранага аб'екта. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ў Мінабароны. Журналісты заявілі, што адломкі падобныя да фрагментаў ракеты "паветра - зямля". На адломках былі надпісы на расейскай мове, а баявой часткі не было.

10 траўня Тэхнічны інстытут Паветраных сіл Польшчы заявіў, што каля места Быдгашча знайшлі адломкі, папярэдне, расейскай ракеты Х-55.

11 траўня міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што аб'ект сапраўды з'яўляецца расейскай ракетай, якая ўпала каля польскага места Быдгашча 16 снежня 2022 года. У гэты дзень расейцы нанеслі масаваны ўдар па Украіне, выпусціўшы 74 ракеты.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда казаў, што інцыдэнт з ракетай "не стварыў сур'ёзнай пагрозы" бяспецы краіны.

Апошнія навіны