BE RU EN

Дзе ў Гомельскай вобласці можна ўбачыць сляды ўварвання ва Украіну?

  • 31.05.2023, 9:47

Google апублікаваў касмічныя здымкі Гомельскай вобласці 2022 года.

На гэты момант абноўлены як мінімум два буйныя фрагменты — паўднёвая частка Гомельскага і Добрушскага раёнаў, знятая ў траўні 2022 года, а таксама часткі Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў, зафіксаваныя ў жніўні 2022 года.

Дагэтуль з тэрыторыі Беларусі ўжо былі выведзеныя рэшткі ўдарнай групоўкі РФ, якая спрабавала штурмаваць Кіеўскую, Чарнігаўскую і Жытомірскія вобласці Украіны.

«Флагшток» расказвае, дзе ў Гомельскай вобласці можна ўбачыць сляды ўварвання ва Украіну.

На шашы Е-95 недалёка ад Новай Гуты можна ўбачыць закапаны танк.

Памежны пераход каля Новай Гуты пусты.

Перад ім з'явіліся ўмацаванні.

Таксама апусцеў і памежны пераход на стыку межаў РФ, Украіны і Беларусі («Тры сястры»).

У раёне памежнай станцыі Краўцоўка з'явіліся агнявыя пункты.

Недалёка ад мяжы з Украінай паміж вёскамі Мікалаеўка і Андрэеўка на полі засталіся сляды ад тэхнікі. Гэты здымак можа з'яўляцца сведчаннем выкарыстання расейскай артылерыі з тэрыторыі Беларусі для расейскага наступу ў пачатку вайны.

На тэрыторыі старога аэрадрома каля вёскі Зябраўка зафіксаваны расейскія ракетныя комплексы. Пры дапамозе іх Расея наносіла ўдары па тэрыторыі Украіны вясной 2022 года.

На здымку тэрыторыі Радыёлагічнага запаведніка ў Нараўлянскім раёне можна ўбачыць кінутую тэхніку на дарозе каля адселенай вёскі Ломыш. Характэрна, што на здымку 2022 года мясцовыя вясковыя могілкі былі расчышчаныя, а на іх заўважны пясок свежых пахаванняў.

На ўзлётнай паласе старога аэрадрома каля вёскі Бабровічы ў Мазырскім раёне ў жніўні 2022 года была зафіксаваная нестандартная тэхніка. Гэты аэрадром выкарыстоўваецца для выпрабаванняў тэхнікі.

Так выглядае мост праз Дняпро паміж Гомельскай і Чарнігаўскімі абласцямі. Яго падарвалі ўкраінцы пасля пачатку вайны, каб не дапусціць пасоўванні войскаў РФ з Брагінскага раёна ў Чарнігаўскую вобласць.

На сэрвісе Google.maps раней з'явіліся здымкі прымежнай Чарнігаўскай вобласці падчас расейскага ўварвання.

Пошук і параўнанне здымкаў праведзеныя пры дапамозе праграмы Google Earth.

Апошнія навіны