BE RU EN

Пра Мікалая Статкевіча няма вестак ужо 111 дзён

  • 31.05.2023, 9:02

Сёння спаўняецца роўна тры гады з моманту затрымання лідара апазіцыі.

Амаль чатыры месяцы няма вестак ад асуджанага рэжымам на 14 гадоў лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча.

Сувязь з палітыкам, які адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, спынілася ў сярэдзіне лютага.

Мікола Статкевіч паўгода быў у адзіночнай камеры, а потым, імаверна, у штрафным ізалятары:

«Сёння [допіс ад 15 траўня - рэдакцыя] атрымала адказ з калоніі на свае запыты. … Той, хто нічога не ведае пра сваіх родных, мяне зразумее. 36 спагнанняў, з іх 14 - штрафны ізалятар (5 - за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Цяпер, імаверна, у штрафны ізалятар таксама, альбо толькі выйшаў. Чарговы раз пакараны знаходжаннем паўгода ў той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у "звычайнай" калоніі. (Мінулыя паўгода расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што, калі не ў штрафны ізалятар, то 24 гадзіны ў каменным меху з праходкай у такім жа каменным меху паўгадзіны на дзень. Пазбавілі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе. Лістоў па-ранейшаму няма», — пісала ў сярэдзіне траўня ягоная жонка Марына Адамовіч.

Сёння, 31 траўня, спаўняецца роўна тры гады, як Мікола Статкевіч быў затрыманы па дарозе на пікет у Менску.

У снежні 2021 года Статкевіча асудзілі на 14 гадоў калоніі асобнага рэжыму.

Чым вядомы Мікола Статкевіч

У 1991 годзе Статкевіч абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое ставіла за мэту "стварэнне беларускага войска, абарону незалежнасці і гістарычна-патрыятычнае выхаванне грамадства".

У 1999 годзе Мікалай быў адным з арганізатараў "Маршу свабоды", накіраванага супраць так званай "саюзнай дзяржавы" і палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. “Марш Свабоды” паказаў усяму свету, што ў Беларусі жыве народ, які аддае перавагу еўрапейскаму дэмакратычнаму шляху развіцця перад сярэднявечнай дыктатурай і барбарствам.

У 2005 годзе Статкевіча прысудзілі да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю мірнай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму 2004 года.

У 2010 годзе Мікалай быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах. Яго арыштавалі пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Мікалай правёў амаль пяць гадоў за кратамі і выйшаў на волю толькі 22 жніўня 2015 года. Пасля вызвалення Статкевіч працягнуў барацьбу супраць рэжыму Лукашэнкі і браў чынны ўдзел ва ўсіх акцыях пратэсту.

31 траўня 2020 года Мікола Статкевіч быў затрыманы па дарозе на пікет, а ў снежні 2021 года прысуджаны да 14 гадоў калоніі асобнага рэжыму.

Нагадаем, што за бяспрыкладную мужнасць у супраціве рэжыму Статкевіч правёў у зняволенні больш за 10 гадоў. Палітык тройчы быў прызнаны Amnesty International вязнем сумлення. Нават знаходзячыся ў няволі, Мікола Статкевіч застаецца для беларусаў сымбалем трываласці духу.

Апошнія навіны