HіMARS зліквідаваў пункт кіравання расейскімі ракетамі С-400 «Трыумф»
- 31.05.2023, 8:22
Гэта першы выпадак, пацверджаны кадрамі з фронту.
Узброеныя сілы Украіны знішчылі варожы пункт кіравання ЗРК С-400 «Трыюмф» на Херсоншчыне. У часе аперацыі выкарыстаная РСЗА HіMARS.
Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на Telegram-канал "Дасье Шпіёна". Паводле звестак крыніцы гэта першы выпадак знішчэння ПБУ 55К6Е, пацверджаны фотафіксацыяй.
«Вашай увазе фота знішчэння пункта баявога кіравання ЗРК С-400 «Трыюмф», - гаворыцца ў паведамленні.
У крыніцы заявілі, што інцыдэнт адбыўся падчас нападаў УСУ на склады часовага захоўвання ўзбраення на тэрыторыі Херсонскай вобласці.
«Выкарыстаная РСЗА HіMARS. 20 траўня 2023», – дадалі ў паведамленні.
С-400 ("Трыюмф") - расейская зенітная ракетная сістэма вялікага і сярэдняга радыюсу дзеяння, зенітны ракетны комплекс (ЗРК) новага пакалення. Створаная для знішчэння ўсіх сучасных і перспектыўных сродкаў паветрана-касмічнага нападу - самалётаў-выведнікаў, самалётаў стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, тактычных, аперацыйна-тактычных балістычных ракет, балістычных ракет сярэдняй далёкасці, гіпергукавых цэляў, усталявальнікаў перашкод, самалётаў радыёлакацыйнай варты і навядзення ды іншых. Кожная ЗРС забяспечвае адначасовы абстрэл да 80 цэляў (пры наяўнасці 8 ЗРК) з навядзеннем на іх да 160 ракет.