Дачку Лаўрова таемна вывезлі з Грузіі
- 20.05.2023, 19:00
Прэзідэнт Саламе Зурабішвілі заявіла, што вяселле не адбудзецца.
Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі на фоне сутыкненняў, якія адбыліся каля гатэля, дзе верагодна пасялілася дачка міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава (Лаўрова), запэўніла, што сямейнікі расейцаў пакінулі Грузію.
Пра гэта паведамляе выданне "Навіны Грузія".
"Я атрымала абяцанне ад міністра ўнутраных спраў, што сем'і людзей, якія сёння збіраліся гуляць вяселле, выехалі з Грузіі, вяселля сёння не будзе", — заявіла Зурабішвілі.
Яна дадала, што гэта "своеасаблівая перамога грамадства".
Медыя паведамлялі, што дачка міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава (Лаўрова), імаверна, прыляцела ў Грузію на святкаванне вяселля брата свайго мужа Аляксандра Вінакурава.
Грузінскае выданне Mtavari адзначыла, што святкаванне адбудзецца ў Кахэціі, пара сёння, 20 траўня, узяла шлюб у Тбілісі.
Каля гатэля ў грузінскай Кахэціі адбыліся сутыкненні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй.
Паводле звестак мясцовага выдання Mtavari Arkhi, Служба дзяржсебяспекі і МУС Грузіі спланавалі спецаперацыю па вывазе падсанкцыйных асоб.