Андрэй Саннікаў: Пажыранне сістэмы самой сябе ўжо пачалося
- 20.05.2023, 17:00
Персаналістычную сістэму Лукашэнкі захаваць будзе практычна немагчыма.
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю для сайта Charter97.org пракаментаваў палітычныя наступствы хваробы Лукашэнкі:
- Я думаю, што гэтую персаналістычную сістэму захаваць будзе практычна немагчыма. Яна сканцэнтраваная на адным дыктатары, які маніякальна імкнецца кантраляваць усё навокал: ад каровіных аладак да ядравай зброі. Такія сістэмы разбураюцца, гэта будзе адбывацца і ў Беларусі.
Вядома, калі гэтае акно магчымасцяў будзе падмацавана поспехамі Украіны на фронце, то можна дакладна казаць, што палітычная сістэма ў Беларусі будзе мяняцца вельмі-вельмі хутка.
Канцлагер, у якім жыве ўся краіна, а нашыя палітвязні жывуць у ШІЗА, немагчымы сам па сабе. Пажыранне сістэмы самой сябе пачалося ўжо і будзе актыўна працягвацца. Гэта, безумоўна, акно магчымасцяў і яно звязана ў тым ліку з удзелам нашых добраахвотнікаў у вайне супраць расейскай агрэсіі на баку Украіны.
Я думаю, што адным з галоўных фактараў будзе вызваленне палітвязняў, якое можа памяняць усе палітычныя расклады ўнутры Беларусі. Гэтага трэба дабівацца ўсімі магчымымі спосабамі.