Калоны разбітай расейскай тэхнікі бягуць з Марыюпаля ў Новаазоўск
- 20.05.2023, 19:54
Па войсках РФ у горадзе за дзень былі нанесеныя два магутныя ўдары.
Расейцы пасля ўчарашніх і сённяшніх выбухаў у Марыюпалі пачалі перамяшчаць пабітую вайсковую тэхніку ў Новаазоўск.
Аб наступствах выбухаў на тэрыторыі акупаванага горада паведаміў дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка. Таксама ён апублікаваў фота наступстваў - акупанты цягнуць па вуліцах горада ў Новаазоўск ліквідаваныя расейскія бронеаўтамабілі «Тыгр».
«Наступствы ўчорашняй «бавоўны»: расейцы цягнуць па вуліцах горада ў Наваазоўск. «Тыгры» нешта крыху назаўжды стаміліся. Шкада, па вуліцы не вядуць тых некалькіх дзясяткаў «добрых расейцаў». Так бы добры выйшаў парад на святкаванне Дня акупацыі», - іранічна піша Андрушчанка.
Са слоў дарадцы, з 6 да 7 раніцы ў Марыюпалі была зноў зафіксаваная праца СПА ў Левабярэжным раёне горада.
Таксама Андрушчанка паведаміў, аб актыўным перамяшчэнні а 8 раніцы расейскіх гелікаптэраў з кірунку Бердзянска ў бок Марыюпаля ўздоўж лініі мора.
Як паведамляў сайт Charter97.org, учора ў выніку ўдару ракетамі па Марыюпалі ў раёне аэрапорта была ліквідаваная база са 150 расейцамі і СПА РФ.
Сёння раніцай па расейскіх войсках у горадзе зноў былі нанесеныя магутныя ўдары.