Супрацоўніца інтэрната ў Бялынічах скрала з картаў апекаваных 35 000 рублёў
- 27.04.2023, 21:49
Сейф не дапамог.
У доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у Бялынічах выявіўся маштабны крадзеж грошай з банкаўскіх картак апекаваных, якім займалася адна з супрацоўніцаў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Згодна з матэрыяламі справы, 30-гадовая супрацоўніца (яе пасада не ўдакладняецца) заходзіла ў незачынены кабінет аднаго з кіраўнікоў інтэрната, даставала з сейфа банкаўскія карты апекаваных, здымала з іх грошы ў банкаматах і прысвойвала сабе. Так адбывалася неаднаразова з верасня да снежня 2022 года.
Як тлумачыць СК, усе пастаяльцы інтэрната недзеяздольныя, таму іхнім апекуном з'яўляецца кіраўнік установы. Пры гэтым у кожнага апекаванага ёсць банкаўская картка, на якую паступае дапамога ад дзяржавы. Гэтыя карты захоўваюцца ў адміністрацыі, яна мае права распараджацца грашыма апекаваных, але толькі на пастанову і для набыцця неабходных інтэрнату тавараў.
Як бачна, сейф не дапамог захаваць грошы. Супрацоўніца інтэрната за тры з паловай месяцы паспела зняць блізу 35 тысячаў рублёў.
У дачыненні да жанчыны, раней не суджанай, распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі ў асабліва буйным памеры). Дарэчы, яна ўжо кампенсавала ўсю нанесеную шкоду.