Эрдаган пасля хваробы з'явіўся на публіцы ў анлайн-фармаце
- 27.04.2023, 21:15
Прэзідэнт Турцыі не змог асабіста ўдзельнічаць у цырымоніі на адкрыцці АЭС «Акую».
Праз два дні пасля таго, як прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у наўпростым эфіры адчуў сябе блага, ён зноў з'явіўся на публіцы ў рэжыме анлайн. У чацвер, 27 красавіка, Эрдаган супольна з расейскім калегам на пасадзе Уладзімірам Пуціным удзельнічаў праз відэасувязь у цырымоніі загрузкі ядзернага паліва на турэцкую атамную электрастанцыю "Акую" на ўзбярэжжы Міжземнага мора.
На відэазапісе з мерапрыемства, апублікаваным прэзідэнцкімі прэс-службамі абедзвюх краінаў, відаць, як на адным экране Пуцін, адарваўшыся ад чытання папераў, прывітальна махае рукой, а потым на іншым маніторы гэты жэст паўтарае Эрдаган, які выглядае крыху змарнелым, паведамдяе DW.
З паведамленняў турэцкіх СМІ, Рэджэп Таіп Эрдаган таксама правёў з Уладзімірам Пуціным тэлефонную размову.
Выступ Эрдагана на ўрачыстай цырымоніі на АЭС "Акую", пабудаванай з удзелам "Расатама", павінна быў стаць адным з найважнейшых мерапрыемстваў падчас перадвыбарнай кампаніі дзейнага прэзідэнта Турцыі, які зноў балатуецца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Выбары прызначаныя на 14 траўня. Аднак асабісты ўдзел Эрдагана ў мерапрыемстве давялося скасаваць праз хваробу, як і некалькі ягоных перадвыбарных выступаў напярэдадні.
Увечары 25 красавіка Эрдагану стала блага падчас інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу, якое транслявалася ў наўпростым эфіры. Трансляцыя была спыненая, а пасля яе аднаўлення прэзідэнт папрасіў прабачэння ў гледачоў, растлумачыўшы тое, што адбылося, страўнікавым грыпам і вялікай нагрузкай праз кампанію. Пазней шэраг СМІ паведаміў, што ў Эрдагана нібыта здарыўся інфаркт міякарда і ён быў шпіталізаваны.
Канкурэнцыю 69-гадоваму Эрдагану на прэзідэнцкіх выбарах складае 74-гадовы лідар Народна-рэспубліканскай партыі Кемаль Кылычдараглу – адзіны кандыдат ад апазіцыйнага "Народнага альянсу".