Пад Варшавай адкрылі яшчэ адзін міжнародны аэрапорт
- 27.04.2023, 20:46
Аэрапорт у Радаме стане для Варшавы трэцім.
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі афіцыйна адкрыў аэрапорт Варшава – Радам, размешчаны прыкладна за 100 кіламетраў ад польскай сталіцы. Пра гэта паведамляе Polsat News.
Паводле словаў польскага прэм'ер-міністра, мала хто верыў, што гэтая інвестыцыя ўвогуле будзе рэалізаваная, але гэта здарылася. Маравецкі мяркуе, што аэрапорт у Радаме мае «вялікі сэнс».
«Сёння аэрапорт Варшава – Акенца абсалютна перагружаны, таму стварэнне гэтага аэрапорта мае вялікае значэнне для таго, каб разгрузіць порт Варшава – Акенца, а ў будучыні і Цэнтральны камунікацыйны порт. Таму ён мае вялікі сэнс з гледзішча інфраструктуры, лагістыкі», – падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Рэйсы з Радама будзе выконваць авіякампанія Lot – польскі нацыянальны перавознік. Ужо 28 красавіка пасажыры змогуць скіравацца адтуль у тры еўрапейскія гарады: Парыж, Рым і Капенгаген.
Кошт інвестыцый у гэты аэрапорт складае блізу 800 мільёнаў злотых. Тэрмінал зможа прымаць блізу мільёна пасажыраў за год на пачатковым этапе, а потым – больш за тры мільёны чалавек на год.
Аэрапорт у Радаме стане для Варшавы трэцім. Акрамя згаданага аэрапорта «Варшава – Акенца», частку пасажырскіх перавозак да гэтага часу браў на сябе аэрапорт у Модліне.