Украіна моцная і рыхтуе нечаканку
- 27.04.2023, 20:29
Што мы даведаліся з выступу камандзіра NATO ў Еўропе.
Украіна знаходзіцца ў моцнай ваеннай пазіцыі, своечасова атрымлівае зброю і рыхтуе нечаканку для расейцаў, запэўнівае вайсковы камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША чатырохзоркавы генерал Крыстафер Кавалі.
Ён камандуе сіламі ЗША і NATO ў Еўропе, уважаецца за спецыяліста ў Расеі, удзельнічаў у штабных вучэннях у Вісбадэне (Нямеччына) ў мадэляванні контрнаступу Узброеных сілаў Украіны. Генерал настроены аптымістычна, але папярэджвае: да заканчэння вайны з Расеяй яшчэ далёка.
LIGA.net паглядзела двухгадзіннае паседжанне камітэта: коратка.
Ёсць аптымізм, але да канца вайны яшчэ далёка. «Цягам зімы наша кааліцыя дапамагла ўкраінскім вайскоўцам стварыць патэнцыял, неабходны для абароны і вяртання часткі сваёй суверэннай тэрыторыі. Мы ўпэўненыя, што нашыя ўкраінскія партнёры добра распараджаюцца дапамогай».
«Мы застаемся аптымістамі наконт будучыні Украіны, але гэтая вайна яшчэ далёкая ад заканчэння. Расея будзе заставацца рэальнай пагрозай атлантычнай бяспецы».
І зброя да наступу амаль гатовая. «Мы з украінцамі падлічылі колькасць матэрыялаў, якія ім спатрэбяцца для гэтага наступу. Мы праверылі некалькі разоў – і атрымалі іх ад хаўруснікаў, якія былі вельмі шчодрымі, асабліва ў дачыненні да танкаў і баявых браняваных машынаў. І мы даставілі іх ва Украіну».
«Больш за 98% баявых машынаў ужо там. Я не хацеў бы расказваць больш публічна, але я цвёрда ўпэўнены, што мы даставілі ім усё неабходнае і прадоўжым пастаўкі для падтрымкі іх аперацый».
Украіна разам з ЗША рыхтуюць неспадзеўку. «Мы вельмі старанна правялі мадэляванне разам з украінцамі. Украінцы маюць моцную пазіцыю. У іх ёсць некаторыя слабасці, але я не хачу гаварыць публічна... Мы ўпэўненыя ў нечаканасці і падобных рэчах... Вядома, мы працавалі над гэтым разам».
Аднак Расея ўсё роўна яшчэ моцная. «Расейскія сухапутныя войскі крыху дэградавалі ў выніку гэтага канфлікту. Хоць сёння яны большыя, чым былі ў пачатку. Ваенна-паветраныя сілы страцілі вельмі мала – 80 самалётаў. У іх ёсць яшчэ тысяча знішчальнікаў і бамбавікоў. Ваенна-марскія сілы страцілі адзін карабель».
Напрыклад, іх субмарыны актыўныя ў Атлантыцы. «На значную частку расейскіх вайскоўцаў гэты канфлікт не паўплываў негатыўна... Расейцы больш актыўныя, чым мы назіралі цягам многіх гадоў, і іх патруляванне ў Атлантыцы... на вышэйшым узроўні, чым за апошнія гады».
Калі РФ пераможа – ЗША зменяць палітыку стрымлівання. «Гэта залежыць ад таго, што азначае перамога, дзе геаграфічна будуць расейскія сілы, які будзе іх склад, якія ў іх засталіся магчымасці. Але гэта, безумоўна, азначала б, што мы мусім змяніць палітыку стрымлівання».
З патэнцыйнымі новымі ахвярамі РФ ужо працуюць. «Мы працуем з краінамі, якія могуць быць уразлівымі. З геаграфічнага гледзішча – гэта тыя, што знаходзяцца каля РФ. Але не толькі яны. Расейцы актыўныя ва ўсім свеце, вельмі актыўныя ў Афрыцы, напрыклад... Мы трацім шмат часу на працу з партнёрамі і хаўруснікамі, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да Расеі, каб зрабіць іх устойлівымі і абароненымі».
Ядзернае стрымліванне ЗША – моцнае. «Я не думаю, што ў нас ёсць значныя прабелы ў нашых сілах ядзернага стрымлівання. Я вельмі ўпэўнены».
Далейшы дыялог пра ядзернае пытанне выглядаў так:
– Ці можаце вы даць нам ацэнку таго, колькі тактычнай ядзернай зброі ў Расеі? – спытаў кангрэсмэн-рэспубліканец Скот Дэжарле.
– Не на адкрытым паседжанні, але я быў бы рады… – адказаў Кавалі.
– Я бачыў незасакрэчаныя адзнакі блізу 2000, ці гучыць гэта правільна?
– Я такіх не бачыў.
Кітай ужо дапамог Расеі. «Падчас гэтага канфлікту Расея і Кітай зблізіліся. Дыпламатычная, палітычная і маральная падтрымка Кітаем незаконнага ўварвання Расеі была прыкметная і дапамагла расейцам».
Але іх стасункі – не на роўных. «Гэта ўсё больш здаецца няроўным бромансам, у якім Расея можа стаць малодшай партнёркай. Але гэта – небяспечнае развіццё падзей. Мы бачым ваеннае супрацоўніцтва, мы бачым эканамічнае супрацоўніцтва, мы бачым палітычнае супрацоўніцтва».
«Нашы еўрапейскія хаўруснікі заўважылі гэта і пры падтрымцы ЗША… ужываюць значныя захады для абмежавання выраслага і шкоднага ўплыву КНР у Еўропе».
Вашынгтон павінен прадаўжаць курс датычна Украіны. «Як яшчэ мы можам дапамагчы Украіне… Вельмі важна заставацца на сёлетнім курсе. Мы... набліжаемся да перыяду, калі ўкраінцы будуць праводзіць наступальныя аперацыі. У нас ёсць добрыя, надзейныя планы прадаўжаць іх падтрымку, нам трэба прадаўжаць выконваць гэтыя планы».
І будзе дапамагаць Украіне і пасля вайны. «Мы ўпарта працуем над пытаннем, якімі павінны быць іх будучыя сілы».