Віктар Бабарыка ўсё яшчэ застаецца ў лякарні Наваполацка
- 27.04.2023, 20:11
Стала вядома, у якім стане знаходзіцца палітык.
Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, палітвязень Віктар Бабарыка па-ранейшаму знаходзіцца ў шпіталі Наваполацка, паведамілі ў ягоным штабе, аспрэчваючы інфармацыю, што паступіла раней каналу «Белсат», што раніцай Бабарыку вывезлі з лякарні ў невядомым кірунку.
«Паводле нашай інфармацыі, Віктар Бабарыка ўсё яшчэ знаходзіцца ў цэнтральнай гарадской лякарні горада Наваполацка. Інфармацыя пра ягоны перавод, агучаная раней у СМІ, не пацвердзілася. Любое транспартаванне на сёння можа быць спалучанае са смяротнай пагрозай жыццю і здароўю», – паведамілі ў штабе.
Там таксама расказалі, што здолелі высветліць пра стан палітыка на гэты момант:
«Лекары пацвердзілі, што было зробленае абследаванне, адводзяць вадкасць з лёгкіх. Стан Віктара ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці. Ён знаходзіцца пад назіраннем медыцынскага персаналу лякарні».
Прычыны шпіталізацыі, гаворыць каманда, у лякарні па-ранейшаму не паведамляюць.
Нагадаем, увечары 26 красавіка з'явілася непацверджаная інфармацыя, што Віктар Бабарыка, зняволены ВК-1 Наваполацка, у ноч на 25 красавіка быў шпіталізаваны ў гарадскую лякарню – нібыта са слядамі збіцця і пнеўматораксу. Раніцай 27 красавіка блізкія палітыка здолелі пацвердзіць факт ягонай шпіталізацыі ў хірургічнае аддзяленне.
Афіцыйна ніякай інфармацыі пра стан Віктара Бабарыкі апублікавана не было. Дзяржорганы каментаваць сітуацыю адмовіліся.
Віктар Бабарыка, былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» і вядомы мецэнат, у 2020 годзе надумаў змагацца за пасаду прэзідэнта Беларусі і хутка стаў самым папулярным спаборнікам Аляксандра Лукашэнкі (мяркуючы з сотняў тысячаў сабраных подпісаў). Праз месяц перадвыбарнай кампаніі Віктар і ягоны сын Эдуард, які ўзначальваў ягоны штаб, былі арыштаваныя і змешчаныя ў СІЗА. Супраць іх агучваліся розныя абвінавачанні, у тым ліку ў падатковых махінацыях, адмыванні сродкаў. Да выбараў Бабарыку не дапусцілі.
6 ліпеня 2021 года суд назваў яго вінаватым у атрыманні хабару і фінансавых махінацыях са сродкамі, атрыманымі злачынным шляхам. Віктара Бабарыку асудзілі да 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоны сын Эдуард дагэтуль – ужо амаль тры гады – знаходзіцца ў СІЗА без суда.