МЗС Літвы выклікала прадстаўніка пасольства Беларусі
- 27.04.2023, 19:57
Лукашыстам абяцаюць жорсткі адказ.
27 красавіка ў Міністэрства замежных спраў Літвы быў выкліканы прадстаўнік амбасады Беларусі ў Літве, якому ўручылі рашучую ноту пратэсту ў сувязі з намерам ліквідаваць грамадскае аб'яднанне літоўцаў з вёскі Пялесы Gimtinė («Радзіма»).
Паводле звестак літоўскага МЗС, 28 красавіка адбудзецца пасяджэнне Гарадзенскага раённага суда ў разглядзе справы аб ліквідацыі арганізацыі пялескіх літоўцаў. У ноце адзначаецца, што на такія дзеянні Беларусі рушыць услед жорсткі і прынцыповы адказ, Літва ўзніме гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях.
Аб'яднанне працуе з 1993 года на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пялесе Воранаўскага раёна. Гэта першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб'яднанне літоўцаў.
Пазоў аб яго ліквідацыі падала Галоўная ўправа юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама. Суддзя - Юрый Карэцкі.
Літоўская школа ў Пялесе дзейнічае з 1992 года. Летась беларускія чыноўнікі паведамілі аб яе закрыцці. Ліквідавалі навучанне па-літоўску і ў іншай беларускай школе.